Свята беларускай літаратуры
У г.Мінску 19 лютага адбыўся фінал пятага конкурсу дэкламатараў твораў класікаў беларускай літаратуры. А напрыканцы мінулага года Наваполацкая гарадская арганізацыя РГА “Белая Русь” правяла конкурс дэкламатараў баек Кандрата Крапівы, на якім вызначаліся 29 фіналістаў, якія і адправіліся ў сталіцу, каб выявіць, хто ж з іх лепшы. Арганізатары, як заўжды, падрыхтавалі для школьнікаў з Наваполацка, Полацка і Полацкага раёна (а менавіта яны і былі ўдзельнікамі конкурсу) цікавую пазнавальную і забаўляльную праграму.
Завяршаючы тур прайшоў у музеі Я.Купалы, які ўжо другі год гасцінна адчыняе свае дзверы для юных канкурсантаў. Трэба адзначыць, што ўзровень выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў быў вельмі высокі, таму ацэньваць іх выступленні было складана нават прафесійнаму журы (а гэта вядомыя літаратары і навукоўцы Навум Гальпяровіч, Аляксандр Кашпераў, Мікола Мятліцкі, Раіса Сідарэнка, Алена Ляшковіч). Пачэсна і адказна тое, што ў склад журы ўвайшла ўнучка Кандрата Крапівы, кандыдат мастацтвазнаўства Алена Атраховіч.
Як і ва ўсялякіх спаборніцтвах, у нашым конкурсе таксама ёсць пераможцы. Нягледзячы на тое, што ўсе ўдзельнікі атрымалі высокія балы, лепшымі сталі Жынгель Ганна, Жогаль Дар’я і Старцаў Яўген. Усе фіналісты атрымалі падзякі ад “Белая Русі” і кнігі Кандрата Крапівы, а лаўрэаты – граматы, кнігі і грашовыя прэміі. На працягу ўсяго конкурсу гучалі мелодыі ў выкананні музыкантаў Акадэміі музыкі, чуліся ўсхваляваныя словы ўражанняў і шчыры дзіцячы смех.
Аднак на гэтым праграма не скончылася. Пасля падвядзення вынікаў наваполацкая дэлегацыя рушыла ў сталічную гімназію №23, дзе адбылася цікавая экскурсія, майстар-клас па кітайскай мове. Кожны дэкламатар змог атрымаць у падарунак іерогліф “шчасце”. Уразіла дзяцей тое, што выкладанне тут ажыццяўляецца па-беларуску, а ў якасці замежнай гімназісты вывучаюць кітайскую мову. З гэтай навучальнай установай нас пазнаёміла дырэктар Ніна Іванаўна Нікіціна, за што мы выказваем ёй шчырую падзяку.
Але ж і гімназія не стала апошняй кропкай нашага знаходжання ў сталіцы. Увечары юныя дэкламатары, іх настаўнікі, а таксама прадстаўнікі актыву “Белай Русі” наведалі Тэатр кінаакцёра, дзе паглядзелі пастаноўку неўміручай камедыі Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім”. Уражанням гледачоў не было мяжы. Спадзяемся, што ўсе школьнікі прывезлі з Мінску добры настрой і перададуць яго сваім сябрам.
Беларуская мова і літаратура – гэта невычэрпная крыніца багаццяў чалавечай мудрасці і прыгажосць слова. Наваполацкая гарадская арганізацыя заўжды будзе спрыяць яе захаванню і ўзбагачэнню, а таксама падтрымліваць таленавітую моладзь, якая любіць сваю краіну, беражэ і памнажае духоўную спадчыну свайго народа.