В Новополоцке в библиотеке Маяковского прошел конкурс чтецов (+фото и видео)
18 лістапада ў цэнтральнай бібліятэцы імя У. Маякоўскага панавала паэзія знакамітага беларускага пісьменніка, палымянага прамоўцы і грамадскага дзеяча Ніла Гілевіча.
Апошняга паэта Беларусі, які насіў ганаровае званне «народны», не стала зусім нядаўна – Ніл Сымонавіч пайшоў з жыцця напярэдадні свайго 85гадовага юбілею. Успомніць любімага некалькімі пакаленнямі творцу, нагадаць вялікую спадчыну, якую ён пакінуў пасля сябе, на VIIІ конкурс чытальнікаў твораў беларускіх аўтараў сабраліся навучэнцы з амаль усіх устаноў адукацыі Наваполацка, Полацка і Полацкага раёна. На творчае спаборніцтва, галоўным ініцыятарам і арганізатарам якога традыцыйна выступае гарадская арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», у гэтым годзе паступіла рэкордная колькасць заявак – 130. Каб змясціць усіх жадаючых, конкурсныя чытанні нават прыйшлося перанесці з першага на другі паверх – у больш прасторную залу ўстановы.
«Край мой беларускі, край», «Роднае слова», «Як чужыя рассталіся ўранку», «Франя», «Цвіці, наш сад!», «Балада колішняй вуліцы»… На працягу пяці гадзін удзельнікі зноў і зноў пагружалі слухачоў у бязмежныя прасторы паэтычных шэдэўраў беларускага «песняра». Праз голас, жэсты, міміку, сцэнічны вобраз хлопцы і дзяўчаты імкнуліся як мага шырэй паказаць усю палітру пачуццяў, якія ўкладваў у свае радкі Ніл Гілевіч.
Многія падрыхтаваліся настолькі якасна, што іх нельга было адрозніць ад сапраўдных артыстаў. Найбольшую папулярнасць сярод удзельнікаў атрымалі вершы Ніла Сымонавіча «Маці» і «Апошняе спатканне з Веранікай». Іх чыталі 16 разоў. А вось «Прытча пра пячэнне» прагучала толькі аднойчы.
Прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі наваполацкія і полацкія літаратары, мовазнаўцы, бібліятэкары, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, з замілаваннем слухалі кожнага прамоўцу. Вызначыць лідараў аказалася вельмі складанай задачай – дваццаць восем выступоўцаў набралі максімальны бал. На агульным сходзе судзейскай калегіі было прынята рашэнне аб павелічэнні колькасці фіналістаў з 20 да 40 чалавек.
«Прыемна адзначыць, што ўзровень удзельнікаў конкурсу з кожным годам расце. Яны ўжо не проста чытаюць вершы са школьнай праграмы, а глыбінна асэнсоўваюць тое, аб чым вядзе гаворку аўтар. Бачна, што юнакі і дзяўчаты ўкладваюць душу ў твор. Настолькі яны ў вобразе, настолькі артыстычна і эмацыянальна выступаюць. Я ўпэўнены, што калі ўдзельнік так пранікнёна дэкламуе верш «Маці», ён і ў сапраўдным жыцці будзе паважаць сваіх бацькоў, каштаваць кожнай хвілінай побач з імі. А як прыемна чуць у радках аб Радзіме шчырую любоў да роднай старонкі. Ведаеце, для нас, арганізатараў, такое асэнсаванне літаратурнага матэрыялу мае вялікае значэнне», – у размове з карэспандэнтам «НС» адзначыў старшыня конкурснага журы, лідар гарадской арганізацыі РГА «Белая Русь» Вадзім Дзевятоўскі.
Цудоўным дапаўненнем паэтычнага вечара сталі жывыя гукі інструментальнай музыкі. У холе бібліятэкі сваё віртуознае майстэрства валодання баянам прадэманстравалі навучэнцы 4га курса Наваполацкага музкаледжа, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў Яўген Сарокін і Сяргей Казлоў.
Нэлі РАДЗЬКО
Фота Таццяны Русаковіч