Мир символов в картинах новополочанина Павла Васильева
Дзявятага лютага ў Музеі гісторыі і культуры адкрылася персанальная выстава маладога наваполацкага мастака, малодшага навуковага супрацоўніка музея, удзельніка шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў і арт-пляцовак Паўла Васільева «Цені іншасвету». Павел Аляксеевіч з’ўляецца выпускніком мастацка-графічнага аддзялення Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.
На выставе прадстаўлена каля 20 карцін алеем, напісаных за апошнія шэсць год. Большасць з іх прысвечаны гістарычным постацям і жаночым вобразам.
Работы маладога творцы адрозніваюць глыбокі сімвалізм, псіхалагічнасць, фігуратыўнасць. Працуючы ў стылі рэалізму, Павел Аляксеевіч ужывае элементы мадэрна. На выставе мастак выступае і як дызайнер. Вялікую цікавасць выклікае інсталяцыя ў гонар памяці ўсіх несправядліва асуджаных альбо забітых.
«Сур’ёзная праца не павінна быць фотаздымкам рэчаіснасці. Яна павінна несці ў сабе адчуванне ўнутранага стану творцы. Карціны – гэта цені, якія бачыць мастак. Яго своеасаблівае, асабістае адлюстраванне навакольнага свету. Кожны чалавек, з якім я калісьці супрацоўнічаў альбо сябраваў, пакінуў у маім сэрцы пэўны адбітак, таму пры напісанні карцін я часта звяртаюся да вобразу птушкі як сімвала душы», – у размове з карэспандэнтам «НС» адзначыў Павел Васільеў.
Выстава будзе працаваць да 5 сакавіка.
Нэлі Радзько