Урбанистический батик и арт-объекты из текстиля: в Новополоцке открылась выставка Христины Высоцкой
«Люстэркі ў гарады» гледачу адкрывае новая выстава, якая 5 ліпеня пачала працаваць у выставачнай зале музея нашага горада.
Аўтар – выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, удзельніца і пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў сучаснага мастацтва, выкладчык кафедры касцюма і тэкстылю БДАМ Хрысціна Высоцкая.
Хрысціна працуе ў плыні мастацкага тэкстылю. Яе ўлюбёная тэхніка – роспіс па шоўку. Праз творы сталічнай мастачкі глядач можа адчуць атмасферу Амстэрдама, Парыжа, Рыма, Мінска… Вобразы прасякнуты ўспамінамі і асацыяцыямі аўтара ад незабыўных вандровак па гэтым гарадам. «Сюжэты работ перадаюць асабістыя ўражанні ад месцаў, дзе я калісьці была. На маіх карцінах – адлюстраванне ўрбаністычнага жыцця сучаснага чалавека праз адбіткі ў люстэрках вітрын», – у размове з карэспандэнтам «НС» падзялілася творца.
Акрамя работ у тэхніцы батык, на экспазіцыі прадстаўлены сучасныя арнаментальныя кампазіцыі, творы мастацкага тэкстылю – ручное ткацтва, скульптура. Дарэчы, з прадстаўленым на выставе габеленам «Дарожнае чаяванне» Хрысціна стала пераможцам ХІІ Міжнароднага конкурсу маладых мадэльераў-дызайнераў «Пячэрскія каштаны» (г. Кіеў).
Выстава будзе працаваць да 31 ліпеня.
Нэлі Радзько
Фота Дзяніса Лешчыка