Дзень беларускага пісьменства, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і 1155-годдзе Полацка (+фота)
Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды гэтых знакавых для нашай краіны падзей прайшлі ў старажытным горадзе над Дзвіной з 1 па 3 верасня. Маштаб свята ўражваў грандыёзным размахам. Сярод сотняў мерапрыемстваў – выставы, круглыя сталы, прэзентацыі, адкрыцці, канферэнцыі, канцэрты, літаратурныя чытанні. Полацк ператварыўся ў вялікую культурна-асветніцкую пляцоўку, дзе можна было адчуць сапраўдную асалоду роднага слова, пабачыць цікавыя арт-аб’екты ці наўпрост павітацца з гістарычнымі асобамі мінулых стагоддзяў.
Прадстаўнічыя дэлегацыі і шматлікіх гасцей свята сустракалі добраўпарадкаваныя вуліцы і скверы, адрамантаваныя і рэканструяваныя аб’екты грамадскага карыстання.
Высокую адзнаку мерапрыемствам даў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, старшыня нацыянальнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства Васілій Жарко.
Напярэдадні восеньскіх урачыстасцяў у Полацкім музеі кнігадрукавання прэзентавалі міжнародны арт-праект «Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам».
Галоўнай падзеяй сустрэчы стала экспазіцыя арыгінала «Малой падарожнай кніжыцы», надрукаванай Скарынам у Вільні каля 1522 года. Ініцыятарамі вяртання нацыянальнага скарбу на Беларусь выступіла ААТ «Белгазпрамбанк».
Падчас прэс-канферэнцыі са сродкамі масавай інфармацыі адбылася прэм’ера дакументальнай стужкі беларускага тэлевядучага і рэжысёра Алега Лукашэвіча «Францыск Скарына. Чалавек свету». Творчая група відэафільма літаральна прайшла шляхамі Скарыны – пабывала ў Празе, Падуі, Калінінградзе, Вільне. Стужка знаёміць гледача з асобай першадрукара, значнасцю яго постаці ў гісторыі. Яшчэ адной «фішкай» праекта стала прэзентацыя віртуальнага падарожжа ў сярэднявечную пячатню. Дакрануцца да шматвекавой спадчыны Скарыны можна да 10 верасня.
Яркім пачаткам святочных мерапрыемстваў стала ўрачыстае тэатралізаванае шэсце з дэманстрацыяй багатай гістарычнай спадчыны і сучаснага прадпрымальніцкага патэнцыялу Полаччыны. Удзел у ім прынялі 1155 чалавек – па колькасці год старажытнага Полацка. Вітаючы жыхароў і гасцей свята на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў сказаў: «Полацкая зямля дала свету шмат велічных асоб.
Яднанне слова і друку, якое стала магчымым дзякуючы Францыску Скарыне 500 год таму, прынесла нам святло веры, асветы і адукацыі. Сёння Полацк смела крочыць у будучыню, зберагаючы слаўныя традыцыі продкаў».
Полацкая зямля дала свету такія імёны, як Еўфрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі, Францыск Скарына. У гонар нашых славутых землякоў скульптар Уладзімір Піпін і архітэктар Армэн Сардараў стварылі памятны знак «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці». Велічны помнік паўстаў на беразе Дзвіны, ля старажытнага Сафійскага сабора.
Тут жа, у зале храмавага збудавання, прайшла прэзентацыя ўнікальнага мастацкага праекта «Тры Сафіі», арганізаванага Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў – удзельніц СНД. Мерапрыемствы наведалі прадстаўнікі Наваполацкага гарвыканкама на чале з Дзмітрыям Дзямідавым.
Дзякуючы генію Францыску Скарыне грамадства далучылася да інтэлектуальнай спадчыны сусветнай цывілізацыі.
Яго дзейнасць стала прадвеснікам радыё, тэлебачання, перыядычнага друку. Каля велічнай фігуры асветніка і першадрукара маляўніча размясціўся фестываль кнігі і прэсы. Пачэснае месца ў павільёне рэгіянальных СМІ Віцебскай вобласці заняла экспазіцыя гарадской газеты «Наваполацк сёння».
Аб спадчыне славутага палачаніна нагадваў «Друкарскі двор», дзе былі прадстаўлены рэканструяванае абсталяванне XVI стагоддзя па вырабу паперы, арыгінальныя паліграфічныя прэсы XIX ст. і дасканала выкананая копія «скарынаўскага» станка. Фестываль наведала міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч. «Дзень беларускага пісьменства – гэта сімвал незалежнасці нашай дзяржавы. Пасыл на новыя здзяйсненні. Грунтуючыся на дасягненнях нашых слынных продкаў, мы павінны несці ў сэрцы беларускае слова, шанаваць і ўслаўляць родную Беларусь», – звяртаючыся да прадстаўнікоў прэсы, адзначыла Лілія Станіславаўна.
Важнымі падзеямі свята сталі прэзентацыя Свяшчэннага пісання «Новы завет» на сучаснай беларускай мове, цырымоніі памятнага гашэння канверта з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства», уручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі і перадачы эстафеты Дня беларускага пісьменства гораду Іванава Брэсцкай вобласці.
У Палацы культуры г. Полацка прайшоў фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Удзел у адборачных этапах спаборніцтва прынялі 13 тысяч вучняў з усіх куткоў краіны. Фіналістамі сталі 13 з іх. Мастацтва дэкламацыі юнакоў і дзяўчат ацэньвалі на самым высокім узроўні.
На алеі ў гонар Францыска Скарыны рознакаляровым дываном раскінуўся кірмаш народных умельцаў Прыдзвінскага краю. Свае лепшыя творы гасцям фестывалю прадставілі майстры Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Наваполацка.
Насычаны культурны марафон суправаджалі шыкоўныя канцэртна-тэатралізаваныя праграмы. На галоўнай святочнай сцэне, нароўні са знакамітымі ансамблямі, аркестрамі і папулярнымі эстраднымі выканаўцамі краіны, выступалі лепшыя творчыя калектывы Цэнтра культуры г. Наваполацка, Палаца культуры ААТ «Нафтан», Наваполацкага музычнага каледжа і СШ №3. Канцэртную пляцоўку ля помніка Сімяону Полацкаму сваімі талентамі ўпрыгожвалі юныя артысты Цэнтра культуры, Палаца нафтавікоў і Палаца дзяцей і моладзі г. Наваполацка.
Грандыёзныя святкаванні ў Полацку прайшлі ярка і самабытна. Праз шматлікія мерапрыемствы жыхары і госці горада адчулі асалоду роднага слова, звярнуліся да вытокаў нацыянальных каштоўнасцяў.
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў падкрэсліў высокую культуру арганізацыі свята і шчыра падзякаваў усім, хто прагна працаваў над яго стварэннем.
Нэлі Радзько
фота аўтара, Дзяніса Лешчыка, Мікалая Раманоўскага