В Новополоцке прошел праздник национальной культуры «Вераснёвая палітра»
Рэха мінулага лета на выхадных завітала ў Наваполацк. Сонейка цешыла гараджан неверагодна цёплымі восеньскімі дзянёчкамі і клікала на вуліцу. Пакінуўшы хатнія справы, новапалачане разам з дзецьмі накіроўваліся ў парк адпачынку, дзе ў суботу прайшло гарадское свята нацыянальнай культуры «Вераснёвая палітра».
Адметнасцю сёлетняга фэсту стала багацце каларыстычных зон для актыўнага адпачынку. Супрацоўнікі і клубныя фарміраванні Цэнтра рамёстваў і традыцынай культуры падрыхтавалі суцэльны шэраг этнапляцовак, праз якія можна было далучыцца да народных вытокаў. Майстэрні па розным відам рамёстваў, сярэднявечны пляц клубаў гістарычнай рэканстукцыі імя В.Ю. Ластоўскага і «Чорны война», нацыянальная кухня ў спалучэнні з класічнай «open air» сцэнай і ўтульна абсталяванымі месцамі для пікніка рабілі сваю справу: тыя шчасліўчыкі, што патрапілі на свята, маглі адчуць сябе наведвальнікамі сюррэалістычнага музея пад адкрытым небам.
Прыгожую карціну арганічна дапаўняла насычаная культурна-забаўляльная праграма.
Урачыстае адрыццё суправаджала фальклорная пастаноўка па матывах свята беларускага земляробчага календара «Багач». Удзельнікі тэатра песні «Субацея» віталі гасцей фэсту народнымі песнямі і смачнымі гасцінцамі – скарбамі восеньскага ўраджаю. Канцэртная праграма з інтэрактыўнымі ўключэннямі, падрыхтаваная артыстамі Цэнтра культуры, уражвала прысутных багаццем традыцыйнай культуры.
Дзеці, падлеткі і дарослыя радасна адгукаліся на кожную прапанову вядучых: разгадвалі загадкі, спаборнічалі ў інтэлектуальных і спартыўных конкурсах. Садавіны, якой была ўпрыгожана фестывальная пляцоўка, хапіла і для святочнага дэкору і для вясёлай эстафеты па збору яблыкаў.
Забаўляльны блок па развучванні народных танцаў і гульняў гледачам прапанаваў гурт архаічных спеваў «Княжыч».
Даволі багата была прадстаўлена нацыянальная беларуская кухня – паспытаць поліўкі, смажанай бульбы, смачнага сала, мяса ці печаных па старадаўняму рэцэпту бліноў з духмянай гарбатай можна было зусім за сімвалічныя грошы.
Цягам канцэртнага марафону на сцэне выступілі лепшыя кавер-гурты горада – «Le Star»,«Sounday Band», «Huga Boss».
Якасная музыка маладых выканаўцаў заварожвала гледачоў пранікнёнымі тэкстамі ад сэрца.
Нэлі РАДЗЬКО
Фота аўтара