Лепшы настаўнік Беларусі працуе ў Наваполацку
Напярэдадні свята – Дня настаўніка – у Наваполацк прыйшла шыкоўная навіна. Пераможцай суперфіналу рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства «Лепшы настаўнік Рэспублікі Беларусь» стала настаўнік беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст» СШ №15 Святлана Румянцава. Такога трыумфу наш горад і ўся Віцебская вобласць яшчэ не ведалі. Святлана Леанідаўна – першая прадстаўніца Віцебшчыны, якая здабыла вышэйшую ўзнагароду гэтага прэстыжнага спаборніцтва.
«Перамогу кавалі разам з калегамі. Падрыхтоўка ішла на самым высокім узроўні на працягу года. У фінале мяне акружалі 56 таленавітых і вопытных настаўнікаў з розных куткоў Беларусі. У суперфінале сышліся васьмёра (пераможцы ў прадметных намінацыях). Кожны з іх – сапраўдны майстра сваёй справы. Арганізатары трымалі інтрыгу да апошняга моманту. Калі абвясцілі маё імя, я нават не паверыла ў рэальнасць таго, што адбываецца. Я шчыра дзякую ўсім, хто падтрымліваў і дапамагаў мне на конкурсе – гарадскім уладам, аддзелу адукацыі Наваполацка, дырэктару СШ №15 Ірыне Васіленка, адміністрацыі і калегам маёй роднай школы. Асабіста хочацца адзначыць Наталлю Ніканаву, Ірыну Рыбацкую, Таццяну Лубінскую, Алену Казлову, Лідзію Ярахновіч, Рыму Бабашка, Валянціну Дзямідаву», – адзначыла ўладальніца «Крышталёвага жураўля» Святлана Румянцава.
Віншаванні на сталічнай сцэне былі толькі пачаткам шматлікіх урачыстасцей. У роднай школе любімую настаўніцу і паважаную калегу сустракалі як нацыянальнага героя. Высокі ўзровень наваполацкай сістэмы адукацыі на святочнай цырымоніі ў гарвыканкаме адзначыў і яго старшыня Дзмітрый Дзямідаў. Лепшаму настаўніку Беларусі Дзмітрый Уладзіміравіч уручыў каштоўны падарунак і кветкі.
Дарэчы, наваполацкую сістэму адукацыі ў фінале рэспубліканскага конкурсу прадставіла яшчэ адна новапалачанка – настаўніца пачатковых класаў гімназіі №1 Аксана Бараўкова. Яе выдатнае выступленне дадало балаў камандзе Віцебскай вобласці, якая стала першай у агульнакамандным заліку конкурсу.
Нэлі РАДЗЬКО
Фота Аляксандра Бастрыкава