Волшебный мир шерсти в творчестве новополочанки Екатерины Федотовой
Нядаўна ў Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры з поспехам прайшла выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кацярыны Фядотавай і Марыны Івановай «Неакрэсленае».
Экспазіцыя атрымала шмат добрых водгукаў у культурным асяроддзі горада. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягвалі незвычайныя этнакасцюмы з аўтарскай калекцыі майстра па апрацоўцы воўны, загадчыцы ЦРіТК, кіраўніка тэатра песні «Субацея» Цэнтра культуры Кацярыны Фядотавай.
Яно і не дзіўна. Неверагодна прыгожыя работы маладой творцы – спроба зусім іншага стылю візуальнага апавядання мастацтва.
У іх арганічна суіснуюць рытмы даўніны, шчасця і самоты, на ўзроўні падсвядомага разгадваюцца славянскія транскрыпцыі вады, агню, неба, зямлі. У размове з карэспандэнтам «НС» Кацярына Мікалаеўна шчыра падзялілася сакрэтамі свайго майстэрства.
– Майстар, мастак, дызайнер, таленавіты музыкант і літаратар… Прасцей пералічыць, якім талентам вы не валодаеце. Што прывяло вас спыніць свае творчыя шуканні ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве на «мяккім» рамястве?
– Для мяне валянне – гэта своесаблівае касмічнае пагружэнне. Калі ты датыкаешся да воўны, то пачынаеш працаваць на нейкіх унутраных інстынктах. Я ніколі не прадумваю сюжэты загадзя, яны нараджаюцца самі сабой. Гэты від рамяства наогул адпавядае хуткаму стылю майго жыцця. Я нешта прыдумляю, нейкая ўспышка, каляровае рашэнне… і нараджаецца рэч.
– Раскажыце падрабязней пра асаблівасці стварэння вырабаў?
– Спосабаў самавыражэння – бясконцасць. Па сутнасці, нават калі не ўмееш шыць, кроіць, маляваць, можна стварыць выдатныя па колеру, каларыстыцы, форме мадэлі. У сваіх касцюмах я выкарыстоўваю дапаўняльныя матэрыялы, якія надаюць ім новыя гучанні і адценні. Напрыклад, «паўлапасадскія» хусткі, карункі, тэкстыль. Усе фактуры па рознаму садзяцца. І кожны раз ты адкрываеш нешта новае для сябе.
З марляй наогул асаблівая гісторыя. Гэты лёгкі матэрыял адразу захапіў мяне – ён настолькі мастацкі, багаты, добра скрапляецца і патрабуе мінімальны выдатак воўны. Не менш прывабна выглядае дэкаратыўны лён – увалены ў выраб, ён надае яму «каракулевы» эфект.
– Сапраўды, шматаблічнае мастацтва… Дарэчы, як і творчасць тэатра песні «Субацея», якім вы кіруеце. Значная частка калекцыі – гэта сцэнічныя касцюмы, створаныя спецыяльна для калектыву. Дзе і калі ўпершыню прэзентавалі свой новы незвычайны стайл?
– У мае першыя «пробы пяра» дарослы састаў калектыву апрануўся гэтым летам. У новых сцэнічных вобразах мы паспяхова выступілі на шматлікіх гарадскіх і абласных пляцоўках. Нават з’ездзілі на святкаванне 840-й гадавіны з дня нараджэння латвійскага г.Лудза.
Але пры ўсёй сваёй прыгажосці валянне – працаёмкі працэс, ён патрабуе фізічнай сілы і цярпення. Кожная праца суправаджаецца цяжкім выкатываннем, выбіваннем, а затым праходзіць этапы дапрацоўкі, аздаблення. Таму пра поўную дасканалую калекцыю для ўсіх удзельнікаў «Субацеі» гаварыць пакуль рана.
– А што ў планах на будучыню?
– Ідэй вельмі шмат. Зараз працую над дзіцячым аддзеннем з воўны. Ёсць і смелыя задумкі. Магчыма, ужо летам вы ўбачыце маю новую творчую калекцыю на конкурсе прыгажосці «Міс Наваполацк- 2018».
Нэлі Радзько
Фота аўтара і Дзяніса Лешчыка