В костеле Новополоцка с Рождественским благотворительным концертом выступил коллектив «Gratia»
Сёмага студзеня пад узнёслымі сводамі наваполацкага касцёла гучалі шэдэўры Моцарта, Брамса, Сэн-Санса, Манчыні, Гарварэнца і іншых сусветна вядомых кампазітараў. Сапраўднае свята аматарам інструментальнай музыкі падаравала фартэпіяннае трыа «Gratia».
Калектыў утварыўся тры гады таму і адразу прыйшоўся даспадобы слухачам. За адносна невялікі час свайго існавання таленавітыя музыкі выступалі на самых розных канцэртных пляцоўках нашага горада. Ідэйным натхняльнікам і арт-дырэктарам трыа выступіла музыкант з вялікім сцэнічным і педагагічным стажам Вольга Отман.
Больш за 20 год Вольга выкладала ў Наваполацкім музычным каледжы па класе скрыпкі і камернага аркестра. Мастацкім кіраўніком трыа з’яўляецца пераможца і лаўрэат міжнародных творчых конкурсаў, арганістка касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса г. Наваполацка, выкладчык Полацкай школы мастацтваў Іна Шпілеўская. Іна – высокі прафесіянал сваёй справы. Яна старанна працуе над рэпертуарам «Gratia», напаўняючы яго музыкай розных эпох і стыляў. А віяланчэлістку Тамару Кірылаву можна па праве назваць душой калектыву. Яна дасканала валодае віртуознай тэхнікай ігры на сваім інструменце, выкладае ў Наваполацкім музычным каледжы і паспяхова канцэртуе па ўсім свеце.
Свой высокі прафесіяналізм музыкі ва ўсім бляску прадставілі на дабрачынным канцэрце. Гукі віяланчэлі, электрычнага піяніна і скрыпкі рэзаніравалі са струнамі душы, па-сапраўднаму хвалюючы слухачоў. Веліч музыкі эпохі барока напаўняла сэрцы супакаеннем і ўзвышанасцю, а сучасныя творы да любімых кінафільмаў пагружалі ў атмасферу разважання і рамантызму.
Уваход на канцэрт быў вольны. Гледачам прапанавалі скласці ахвяраванні ў падтрымку выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра г. Наваполацка.
Пасля заканчэння мерапрыемства ксёндз Аляксандр Чайкоўскі падзякаваў артыстам за цудоўны настрой, а прысутныя аднадушна выказалі надзею на новыя сустрэчы.
Нэлi РАДЗЬКО
Фота Дзяніса Лешчыка