Новополочанка Инна Мороз презентовала свой первый сборник стихотворений и баллад «Перапляценні»
Наваполацкая паэтка, бард, удзельніца народнага літаратурна-музычнага аб’яднання «Крылы», уладальніца Гран-пры абласнога свята-конкурсу «Песні сунічных бароў– 2017» Іна Мароз прадставіла свой першы друкаваны зборнік вершаў і балад «Перапляценні».
Кніга пабачыла свет у мінскім выдавецтве «Колорград» напрыканцы 2017 года. Рэдактарам і аўтарам прадмовы да яе выступіла кіраўнік «Крылаў» Галіна Сташкевіч. Кожны твор (а іх тут больш за 100) напоўнены неверагоднай цеплынёй, лірызмам і шчырасцю сакавітага беларускага слова Іны Васільеўны.
Прэзентацыя «Перапляценняў» прайшла восьмага студзеня ў бібліятэцы імя У. Маякоўскага.
Тэматычныя раздзелы кнігі суправаджаў відэарад на мультымедыйным экране – гледачы быццам гарталі старонкі зборніка разам з паэткай. Падтрымаць калегу прыйшлі сябры-«крылаўцы» Міхаіл Зудзілаў, Сяргей Гоманаў, Алена Штукіна, Ірына Каралёва, Фаіна Грынёва.
Дарэчы, знакаміты наваполацкі калектыў літаратараў з гэтага года атрымаў пастаянную прапіску ў цэнтральнай бібліятэцы.
Творчая імпрэза стала своеасаблівым пачаткам новага сезона культурна-масавых мерапрыемстваў установы пад знакам «Наваполацк – культурная сталіца 2018».
Нэлі Радзько
Фота Дзяніса Лешчыка