У Наваполацку адбудзецца сустрэча-канцэрт з Міхасём Пазняковым, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі
Наваполацк, цэнтральная бібліятэка імя У.Маякоўскага
(вул.Калініна, 1)
20 лютага 2018 г. 18.00
І душа…акрыліцца мілотай!: творчая сустрэча-канцэрт
У Год малой радзімы вядомы беларускі пісьменнік Міхась Пазнякоў 20 лютага наведае Наваполацк – культурную сталіцу Беларусі 2018 года. Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў – старшыня Мінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, паэт, празаік, перакладчык, мовазнавец, крытык і публіцыст.
У творчасці пісьменніка асаблівае месца займае тэма малой радзімы і любай сэрцу Бацькаўшчыны. На сустрэчы прагучаць вершы ў выкананні аўтара. З яго вершамі і песнямі таксама будуць выступаць заслужаная артыстка Мінскага тэатра паэзіі, лаўрэат міжнародных фестываляў Вольга Багушынска і член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кампазітар, спявачка, лаўрэат міжнародных фестываляў і конкурсаў Таццяна Жылінская.
Сустрэча адбудзецца напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы. Прыгожая, шчырая, мілагучная беларуская мова будзе гаспадарыць у зале мастацтваў цэнтральнай бібліятэкі.
Культурную сталіцу разам з Міхасём Пазняковым наведае і выдавецтва «Народная асвета» (г.Мінск) з кнігамі пісьменніка, якія можна будзе набыць дарослым і дзецям, атрымаўшы аўтограф на памяць.
У гэты дзень гасцей культурнай сталіцы таксама прымуць:
13.00 – дзіцячая бібліятэка імя А.С.Пушкіна (вул. Юбілейная,1);
15.00 – дзіцячая бібліятэка імя С.Маршака (вул. Маладзёжная, 106).
Фота sb.by