Гашение эксклюзивного конверта с оригинальной маркой «Новополоцк – культурная столица Беларуси-2018» провели в Новополоцке
Наваполацк атрымаў гістарычнае пацвярджэнне свайго высокага культурнага статусу. Дваццаць трэцяга сакавіка ў гарадскім аддзеле ЗАГС прайшло ўрачыстае гашэнне эксклюзіўнага канверта з арыгінальнай маркай «Наваполацк — культурная сталіца Беларусі 2018». Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Алег Буевіч і дырэктар Віцебскага філіяла Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белпошта» Сяргей Максак.
Выпуск памятных канвертаў Міністэрства культуры сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Беларусі распачалі ў 2010 годзе. Дзевяць гарадоў за гэты час атрымалі сваю асабістую паштовую марку. Убачыць іх можна было на філатэлістычнай выставе, арганізаванай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай і гарадскім вузлом паштовай сувязі Віцебскага філіяла РУП «Белпошта».
Мастацкае аздабленне наваполацкага канверта і спецштэмпеля выканалі беларускія творцы Вольга Капачова і Вольга Когут. Дызайн маркі належыць дырэктару КУП «Архітэктурна-вытворчае бюро» Аляксандру Пісаруку.
Праз ілюстрацыйныя выявы Свята-Міхайлаўскай царквы, касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса Хрыста, Палаца культуры ААТ «Нафтан», герба Наваполацка аўтары імкнуліся перадаць трыадзінства гісторыі, культуры і духоўнасці. Як адзначыў старшыня гарсавета дэпутатаў Алег Буевіч, паштовая марка – гэта не проста атрыбутыка, а непаўторны лаканічны спосаб расказаць жыхарам і гасцям нашага горада пра важную падзею ў жыцці Наваполацка. Нагадваць пра яе будуць 65 тысяч эксклюзіўных канвертаў, якія разыдуцца па ўсёй краіне. Накіраваць прывітанне з культурнай сталіцы сваім блізкім можна ў любым аддзяленні Белпошты.
Урачыстую цырымонію вянчаў музычны твор у гонар Наваполацка Іны Дзевятнікавай на словы Зінаіды Лёцінай у выкананні народнага жаночага камернага хору Цэнтра культуры.
Нэлі РАДЗЬКО
Фота Мікалая Раманоўскага