Художественная школа им. И.Ф. Хруцкого впервые выставляет лучшие работы выпускников и пленэрные работы учащихся на областном уровне
У 40-ю гадавіну свайго заснавання дзіцячая мастацкая школа імя І.Ф. Хруцкага выйшла на абласны ўзровень.
Дамовы з Віцебскам ішлі каля года. Чаргу на выставачны час чакалі яшчэ паўгады. І вось нарэшце гістарычны момант здарыўся – 11 красавіка галоўны Мастацкі музей вобласці ўпершыню прыняў работы юных творцаў з Наваполацка.
Практыка выстаўляць навучэнцаў мастацкіх школ для гэтай установы ўвогуле стала новай. Пашанцавала? Не. Заслужылі! Гонар нашай ДМШ робяць абласныя, рэспубліканскія, міжнародныя перамогі на творчых конкурсах, наяўнасць сваіх знакавых праектаў, адкрытых міжрэгіянальных пленэру-конкурсу юных мастакоў «Палітра Прыдзвіння» і экалагічнай выставы-конкурсу дзіцячай творчасці «Жыві, планета!», узнагароды педагагічнага калектыву на дзяржаўным узроўні.
На адкрыццё выставы сабраўся цэлы натоўп гасцей. Скрозь сябры наваполацкай ДМШ і ўплывовыя дзеячы культуры: старшыня Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў» Святлана Баранкоўская, знакаміты мастак-акварэліст Фелікс Гумен, педагогі і вучні дзіцячых школ мастацтваў №1 і №3 «Маладзік» г. Віцебска. Добрыя словы, шчырыя ўсмешкі напаўнялі залу.
Здзіўляць і радаваць гледачоў новапалачане прывезлі лепшыя работы выпускнікоў і пленэрныя працы навучэнцаў сваёй установы. Экспазіцыя «Ступені да майстэрства» аб’яднала 61 работу выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Пабачыць творчасць навучэнцаў ДМШ імя І.Ф. Хруцкага ў Мастацкім музеі вобласці можна да 8 мая.
Нэлі РАДЗЬКО
Фота з архіва ДМШ імя І.Ф. Хруцкага