Итоги V Межгосударственного конкурса юных пианистов городов-побратимов «Музычная лілея»
Мінулы тыдзень у дзіцячай школе мастацтваў №1 прайшоў пад знакам V Міждзяржаўнага конкурсу юных піяністаў гарадоў-пабрацімаў «Музычная лілея».
Першы юбілей творчага спаборніцтва прыйшоўся на святкаванне 60-годдзя Наваполацка, які сёлета аб’яўлены культурнай сталіцай Беларусі.
За перамогу ў чатырох узроставых групах змагаліся пачынаючыя выканаўцы з усіх абласцей нашай краіны, а таксама з Расіі і Латвіі.
Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні Наваполацкага гарвыканкама Андрэй Адзіночкін пажадаў канкурсантам творчага запалу, новых цікавых знаёмстваў і поспехаў, выказаў упэўненасць у тым, што музычнае свята прадоўжыць добрыя традыцыі і паслужыць справе далейшага ўзбагачэння міжкультурнага супрацоўніцтва.
Праграма «Музычнай лілеі – 2018» была насычанай.
19‑21 красавіка слухачы зноў і зноў адкрывалі для сябе шэдэўры класікаў сусветнай музыкі. Кожны ўдзельнік выконваў поліфанічны твор, буйную музычную форму і віртуозны эцюд.
Прадстаўнічае журы, якое ўзначаліў заслужаны артыст Беларусі, прафесар кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый Гільдзюк, было строгім, але справядлівым. У склад судзейскай калегіі таксама ўвайшлі добры сябра наваполацкага конкурсу выкладчык Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ Яўгенія Гарбунова і прафесар Латвійскай акадэміі музыкі імя Я. Вітола Арніс Зандманіс.
Дарэчы, ганаровыя госці не толькі ацэньвалі, але і павышалі ўзровень выканальніцкага майстэрства пачынаючых інструменталістаў – урокі ігры на фартэпіяна ад вопытных настаўнікаў карысталіся папулярнасцю. Апошні дзень музычнага свята падараваў юнакам і дзяўчатам экскурсію па старажытнай Полацкай зямлі і прынёс заслужаныя ўзнагароды. З 58‑мі ўдзельнікаў журы адзначыла 33: лаўрэатамі сталі 19, дыпламантамі – 14. З хваляваннем і ўдзячнасцю юныя піяністы падымаліся на сцэну музычнай школы. Дыплом з рук заслужанага артыста Юрыя Гільдзюка павышаў і важкасць конкурсу, і ступень адказнасці юных выканаўцаў.
Прыемна адзначыць, што ўсе наваполацкія канкурсанты ўвайшлі ў склад лепшых.
На другую прыступку п’едэстала падняліся адразу дзве навучэнкі ДШМ №1 – у першай узроставай катэгорыі Анастасія Васюкевіч, у чацвёртай – Эстэр Герасімовіч. Ангеліна Пірог дамаглася дыплома лаўрэата ІІІ ступені ў трэцяй узроставай групе. Марыя Пакшынцава, Эмілія Смялэк, Эрыка Сафонава, Анастасія Капуста, Дар’я Ізмайловіч сталі дыпламантамі. Першыя месцы заваявалі прадстаўнікі Брэсцкай, Мінскай, Гомельскай і Віцебскай абласцей. Лаўрэаты ўпершыню атрымалі спецыяльныя кубкі з сімволікай конкурсу. Граматамі за высокае прафесійнае майстэрства былі адзначаны настаўнікі таленавітых дзяцей.
На ўрачыстым закрыцці пятага, юбілейнага, конкурсу юных піяністаў гарадоў-пабрацімаў дырэктар ДШМ №1 Аляксандр Хітроў шчыра дзякаваў усім гасцям за ўдзел і выказваў надзею на новыя сустрэчы.
Юрый Гільдзюк, заслужаны артыст Беларусі, прафесар кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:
– На гэтым конкурсе я ўпершыню, але ведаю шмат выдатных музыкантаў з Полацка і Наваполацка. Дарэчы, выпускніца вашай музычнай школы Ганна Сырнева вучыцца ў мяне.
Сама ідэя «Музычнай лілеі» вельмі добрая. Магчымасць паказаць сваё майстэрства на міжнародным узроўні для дзяцей з маленькіх гарадоў – ужо дасягненне. Галоўнае значэнне мае тое, што конкурс ахоплівае шырокі ўзроставы дыяпазон удзельнікаў – ад 6 да 15 гадоў. Многія ўпершыню заяўляюць на ім пра сябе.
Няважна, хто першы, а хто апошні. Важна, што ўсе мы займаемся мастацтвам, збіраемся разам, абменьваемся вопытам ад вучня да настаўніка.
Арніс Зандманіс, прафесар Латвійскай акадэміі музыкі імя Я. Вітола:
– Цеплыня, добразычлівасць, сяброўская атмасфера, якія панавалі на конкурсе, робяць гонар яго арганізатарам. Адчуванне публікі, сцэны, падтрымкі вельмі карысна юным талентам, бо першасная задача любога спаборніцтва – узбагачэнне вопытам. Наваполацк падаўся мне перспектыўным, светлым горадам. Прыемна, што ў свае 60 ён мае такія добрыя традыцыі, як «Музычная лілея». На мой погляд, гэты фэст трэба абавязкова захоўваць і прадаўжаць.
Пераможцы V Міждзяржаўнага конкурсу юных піяністаў гарадоў-пабрацімаў «Музычная лілея»
І узроставая група (6-9 гадоў):
І месца — Марыя Апольская, ДУА “Сярэдняя школа №4 г.Іванова”, Брэсцкая вобласць (педагог Ларыса Перчанка)
ІІ месца — Платон Нікалаеў, ДУА “ Полацкая дзіцячая школа мастацтваў” (педагог Наталля Цырто)
ІІ месца — Анастасія Васюкевіч, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў №1 г. Наваполацка” ( педагог Маргарыта Мартас)
ІІ месца – Аляксей Сідарэнка, ДУА “ Полацкая дзіцячая школа мастацтваў” (педагог Іна Шпілеўская)
ІІІ месца – Ксенія Галушка, ДУА “Дзіцячая музыкальная школа мастацтваў №5 г. Мінска” (педагог Галіна Лойка)
Дыпламанты:
Ірына Пруднік, ДУА “Фаніпольская дзіцячая школа мастацтваў” (педагог Любоў Касач)
Кіра Голубева, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў імя А.В. Багатырова г. Віцебска” (педагог Ірына Нікалаенка)
Эрыка Сафонава, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў №1 г. Наваполацка” (педагог Святлана Папоўская)
Дар’я Васкоўская, ДУА “ Магілёўская дзіцячая школа мастацтваў №4” (педагог Рыта Самуліна)
Міраслава Грынько, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў №1 імя П.І. Чайкоўскага” г. Гомель (педагог Ларыса Казлова)
Эмілія Смялэк, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў №1 г. Наваполацка” (педагог Таццяна Лешчанка)
ІІ узроставая група (10-11 гадоў):
І месца – Ксенія Алімпіева, ДУА “Бараўлянская дзіцячая школа мастацтваў”, Мінская вобласць (педагог Ірына Віхрава)
ІІ месца – Руслан Андрэеў, Стайцельская мастацка-музыкальная школа г. Стайцеле, Латвія (педагог Руле Айра)
ІІ месца – Талі Шафар і Уладзімір Галета, ДУА “Дзіцячая музыкальная школа мастацтваў №1 імя Л.П. Александроўскай” г. Мінск (педагог Алена Логінава)
ІІІ месца – Арына Катмакова, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў імя А.В. Багатырова г. Віцебска” (педагог Алена Кузняцова)
ІІІ месца – Дзмітрый Цітоў, ДУА “Полацкая дзіцячая школа мастацтваў” (педагог Святлана Пашута)
Дыпламанты:
Яўгеній Макарэвіч, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў” а.г. Клейнікі, Брэсцкая вобласць (педагог Наталля Барценева)
Марыя Пакшынцава, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў №1 г. Наваполацка” (педагог Наталля Пунінская)
Лізавета Кажан, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў №2 імя У.У. Алоўнікава” г. Бабруйск (педагог Таццяна Кісель)
Дар’я Драбышэўская, ДУА “Дзіцячая музыкальная школа мастацтваў №1 імя П.І. Чайкоўскага” г. Гомель (педагог Алена Аўгусціновіч)
Дар’я Ізмайловіч, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў №1 г. Наваполацка” (педагог Аксана Лабейка)
ІІІ узроставая група (12-13 гадоў):
І месца – Соф’я Анціпава, ДУА “Рэчыцкая дзіцячая школа мастацтваў” (педагог Маргарыта Бабчонак)
ІІ месца – Ганна Лукіў, Муніцыпальная аўтаномная ўстанова дадатковай адукацыі г. Калінінграда “Дзіцячая музыкальная школа імя Э.Т.А. Гофмана”, Расія (педагог Алена Сіманенка)
ІІ месца –Вераніка Емяльянчанка, ДУА “Дзіцячая музыкальная школа мастацтваў №1 імя П.І. Чайкоўскага” г. Гомель (педагог Алена Аўгусціновіч)
ІІ месца – Ганна Барсукова, ДУА “Дзіцячая музыкальная школа мастацтваў № 20” г. Мінск(педагог Наталля Даронкіна)
ІІІ месца – Ангеліна Пірог, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў №1 г. Наваполацка” (педагог Маргарыта Мартас)
Дыпламанты:
Анастасія Капуста, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў №1 г. Наваполацка” (педагог Людміла Баранчукова)
ІV узроставая група (14-15 гадоў):
І месца – Лізавета Засімовіч, Дзіцячая музыкальная школа пры УА “Віцебскі дзяржаўны музыкальны каледж імя І.І. Салярцінскага” (педагог Таццяна Афанасьева)
ІІ месца – Эстэр Герасімовіч, ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў №1 г. Наваполацка” (педагог Святлана Папоўская)
ІІІ месца – Ганна Пекар, ДУА “Валкавыская дзіцячая школа мастацтваў” (педагог Святлана Радзівон)
ІІІ месца – Анастасія Шымчак , ДУА “Дзіцячая музыкальная школа мастацтваў №1 імя Л.П. Александроўскай” г. Мінск (Алена Логінава)
Дыпламанты:
Віталія Сташан, Дзіцячая музыкальная школа пры УА “ Наваполацкі дзяржаўны музыкальны каледж” (педагог Галіна Касяк)
Нэлі РАДЗЬКО
Фота аўтара і Дзяніса Лешчыка