Театр «АРТ» Полоцкого госуниверситета представил зрителям премьерную постановку «Автобус» (+видео)
У поўным захапленні і эмацыянальнай ўзрушанасці актавую залу ўніверсітэта 19 красавіка пакідалі гледачы «Аўтобуса». Дваццаць пятая, юбілейная, прэм’ера спектакля студэнцкага тэатра «АРТ» па-сапраўднаму «зачапіла» публіку.
У цэнтры сюжэта п’есы «Аўтобус» па аднайменным творы балгарскага драматурга Станіслава Страціева нават не дзеянне, а чалавек. Змяніўшы маршрут, кіроўца аўтобуса па незразумелай для пасажыраў прычыне не спыняецца на прыпынках. Набліжаецца поўнач. У людзей узнікае страшнае адчуванне, што яны ніколі не даедуць да хаты. У крытычнай сітуацыі выяўляюцца сапраўдныя рысы характараў тых, хто выпадкова апынуўся ў салоне аўтобуса.
Спектакль пастаўлены ў жанры трагіфарса. Рэжысёр пастаноўкі Ганна Шэлепава майстэрскі закранае адвечныя тэмы прызначэння чалавека на зямлі, кахання, сяброўства, мастацтва, глыбіні ўзаемаадносін.
Пранізлівая пранікнёнасць пры амаль поўнай адсутнасці дэкарацый. Асабісты камплімент выдатнай гульні «артаўцаў», якія выкладваліся амаль да поту. Арганічна выглядае чалавек з народа са сваёй простай філасофіяй жыцця ў рабоце Антона Малахава. Моцнай акцёрскай гульнёй здзіўляе Уладзіслаў Марудаў. Кожны жэст героя Уладзіслава – трапкі, дасканалы.
Нельга не адзначыць экспрэсіўны маналог аб мастацтве Сяргея Шчарбакова, боль жанчыны «з глыбокім унутраным светам» Алы Белавусавай-Радзевіч, сціплага, але неверагодна камічнага персанажа Сяргея Грыбаедава. Мікіта Казлоў, Ангеліна Ліхадзееўская, Уладзіслаў Лабацэвіч – дэбютантаў рэжысёр наўмысна ставіць у адзін рад з «масцітымі» акцёрамі. Вельмі натуральна выглядае работа Станіслава Шэдзько. Юнак так арганічна ўжываецца ў ролю, што яго лёгка зблытаць з прататыпам героя.
Больше видео на нашем канале на YouTube. Подписывайтесь, это бесплатно!
«Я гэтую п’есу ведаю даўно. Яшчэ са студэнцтва. Гэта смешная, сур’ёзная і разам з тым глыбінная гісторыя. Асабіста мяне яна чапляе. Акцёрам матэрыял таксама прыйшоўся даспадобы. Працавалі над ім амаль паўгода. Дзеянні п’есы замкнуты абмежаванай прасторай, кожны герой як на далоні. Каб добра адыграць, акцёру недастаткова проста вывучыць тэкст, важна злавіць драйв, унутраны стан спектакля», – у размове з карэспандэнтам «НС» адзначыла Ганна Шэлепава. У хуткім часе прэм’еру новага спектакля пабачаць і палачане.
Нэлі РАДЗЬКО
Фота Дзянiса Лешчыка