У Палацы дзяцей і моладзі Наваполацка адкрылася выстава па матывах вершаў беларускага паэта, пісьменніка Навума Гальпяровіча
Кожны гук, кожнае слова аўтара трапкае і ад сэрца… Не выпадкова, што яго творчасць вабіць юнакоў і дзяўчат. 14 мая па матывах вершаў беларускага паэта, пісьменніка, Ганаровага грамадзяніна горада Наваполацка Навума Гальпяровіча ў Палацы дзяцей і моладзі адкрылася выстава «Малая радзіма. Мясціны, любыя сэрцу».
Сумесны праект пісьменніка і студыі выяўленчага мастацтва «Вясёлка» ладзіў аддзел дэкаратыўна-прыкладной творчасці палаца. Па задумцы ўдзельнікаў ён аб’яднаў адразу дзве музы – Паэзію і Мастацтва. Юныя мастакі працавалі, скарыстоўваючы вобразы з вершаў Навума Якаўлевіча. Вядома ж, дзеля таго папярэдне з дзецьмі была праведзена вялікая творчая работа. Хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі вершы класіка, выбіралі ўпадабаныя – і малявалі па матывах свае творы. Пад чулым кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Таццяны Антановіч было створана больш за 20 малюнкаў. Кожную работу ўпрыгожваў вершаваны радок паэта.
Напачатку тыдня выставачная зала палаца сустракала гасцей. У якасці вядучага мерапрыемства выступіў студэнт Полацкага дзяржуніверсітэта, неаднаразовы пераможца конкурсаў чытальнікаў вершаў беларускіх аўтараў Аляксандр Казлоў. З вітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Наваполацкага гарвыканкама Андрэй Адзіночкін.
На адкрыццё выставы завіталі старшыня савета Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі і яго намеснік – беларускі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык, член грамадскага Савета пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч. Ганаровыя госці з Мінска адрасавалі шмат добрых слоў юным творцам і, вядома, галоўнаму герою сустрэчы Навуму Гальпяровічу. З вялікай павагай яны расказвалі пра жыццёвы шлях пісьменніка, які сёлета адзначыў сваё 70-годдзе.
Знакаміты юбіляр шчыра дзякаваў выступоўцам, выказваў захапленне творамі маленькіх мастакоў. Падчас гутаркі Навум Якаўлевіч не раз звяртаў увагу на тое, што веданне беларускай мовы, павагу да роднага краю трэба выхоўваць з юнацтва. «Хараство нашай прыроды, бадай, самы моцны духоўны грунт для творчасці», – адзначыў паэт і зачытаў некалькі сваіх твораў. Кожны радок зачароўваў меладычнасцю, мяккасцю, лірызмам.
Напрыканцы ўрачыстасці госці атрымалі сімвалічныя падарункі, а юныя мастакі – кнігі Навума Гальпяровіча з асабістым подпісам аўтара і запрашэнне ў сталіцу нашай краіны. У хуткім часе выстава малюнкаў новапалачан пад назвай «Малая радзіма. Мясціны, любыя сэрцу» адкрыецца і ў Мінску.
Нэлі РАДЗЬКО
Фота Дзяніса Лешчыка