Паспрабаваць сябе ў якасці герояў змаглі новапалачане у форуме-спектаклі «Усё ў тваёй галаве»
У Цэнтры культуры з поспехам прайшла прэм’ера форума-спектакля «Усё ў тваёй галаве». На гэты раз рэжысёр пастаноўкі і мастацкі кіраўнік народнага тэатра «Час» Ірына Цярэнцьева ўзялася за тэмы нацыянальнага ўсведамлення і юнацкага максімалізма.
Гледачам далі магчымасць паразважаць над праблемным полем разыграных міні-сюжэтаў, стаць удзельнікамі пастаноўкі і паспрабаваць сябе ў якасці герояў. Публіка з цікавасцю скарыстала ўнікальную магчымасць. У глядзельнай зале разварочваліся цэлыя дэбаты. Мужчыны і жанчыны, юнакі і дзяўчаты, нават дзеці выходзілі на сцэну, каб прапанаваць сваё рашэнне канфлікту.
Жадаючых было так шмат, што спектакль ішоў амаль тры гадзіны. Асобны камплімент – майстэрскай гульне і таленту імправізацыі акцёраў тэатра «Час».
Нэлі Радзько
Фота аўтара