Фальклорны гурт «Варган» прэзентаваў свой дэбютны альбом «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны»
У мінулую суботу, 6 кастрычніка, фальклорны гурт «Варган» прэзентаваў свой дэбютны альбом «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны».
Мерапрыемства выклікала вялікі інтарэс грамадскасці – у канцэртнай зале Полацкага дзяржуніверсітэта быў аншлаг.
У выкананні ўдзельнікаў калектыву прагучалі як вясёлыя інструментальныя найгрышы, так і абрадавыя песні, прымеркаваныя да знакавых гадавых святаў, а таксама лірычныя – жаночыя ды мужчынскія. Разам з артыстамі на сцэну выйшла спявачка аўтэнтычных спеваў з вёскі Шостава Полацкага раёна – Алімпіяда Міхайлаўна Шчарбакова. Яна яшчэ памятае тыя часы, калі традыцыйныя танцы і песні былі неад’емнай часткай жыцця вяскоўцаў. На дыску ёсць тры песні, якія выконвае сама спявачка.
На вечар завіталі сталічны гурт «Рада» і мінскі музыкант, лідэр групы «Vuraj» Сяргей Доўгушаў.
Першы студыйны альбом змяшчае 18 трэкаў, сярод якіх песні, танцы, рэканструкцыі. Усе кампазіцыі даўней гучалі на Полацкай зямлі і арганічна ўпляталіся ў гадавое каляндарнае кола. У стварэнні інструментальнай часткі рэлізу прымалі ўдзел знакамітыя беларускія музыкі Алесь Лось (дуда, колавая ліра) і Алеся Сівохіна (цымбалы). Частка кампазіцый запісвалася ў Полацку, частка ў Мінску.
– Ідэю стварэння альбома падаў добры сябра нашага калектыву – музыкант Сяргей Доўгушаў. У нас шмат песеннага матэрыялу з розных рэгіёнаў Беларусі, але ў Год малой радзімы хацелася аднавіць менавіта сваю спадчыну. Спрабуючы дакрануцца да ўнікальнай музычнай традыцыі Полаччыны, мы імкнёмся максімальна наблізіцца да аўтэнтычнай манеры выканання і перадаць яе жывую энергетыку. Кожны, хто меў магчымасць чуць вясковых спевакоў і музыкантаў, мог атрымаць тую вялікую жыццесцвярджальную моц, якая сыходзіць ад гэтых людзей. Гэтая моц дапамагла нашым продкам выстаяць у гады ліхалецця і перадавалася з пакалення ў пакаленне стагоддзямі.
Большасць песень, прадстаўленых на дыску, паходзіць з тэрыторыі сучаснага Полацкага раёна, а таксама суседніх раёнаў – Ушацкага, Глыбоцкага, Лепельскага. Частка была запісана ўдзельнікамі гурта «Варган» у фальклорных экспедыцыях. Некалькі песень, якія ўвайшлі ў альбом, перадала ўдзельніца нашага калектыву Ганна Лутава ад сваёй бабулі Алімпіяды Шчарбаковай. Дзве рэкруцкія песні з вёскі Баяноўшчына Полацкага раёна былі выкананы паводле нотных запісаў, апублікаваных у выданні «Традыцыйная мастацкая культура Беларусаў. Віцебскае Падзвінне». Сярод іншых гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларускае Падзвінне вылучаецца панаваннем аднагалосага спеву.
Таму ўсе песні, прадстаўленыя ў альбоме, выкананы «на адзін голас». Музычны партрэт Полаччыны не быў бы поўным без такіх знакавых для рэгіёна старажытных інструментаў, як дуда, колавая ліра і, безумоўна, варган, які быў пашыраны на нашых землях з часоў ранняга сярэднявечча. Аўдыёальбом прызначаны для аматараў беларускага фальклору, а таксама для ўсіх, хто хоча адкрыць для сябе стылістыку аўтэнтычнага гучання беларускай музыкі, – у размове з карэспандэнтам «НС» адзначыла кіраўнік фальклорнага гурта «Варган» Вольга Емяльянчык.
У гэту нядзелю – 14 кастрычніка – альбом афіцыйна прэзентуюць у Мінску, а некалькі пазней – 20 кастрычніка – у Віцебску.
Нэлі РАДЗЬКО
Фота Міхася Аракчэева