Неверагодны рэкорд творчых перамог усталявала 10-гадовая навучэнка дзіцячай школы мастацтваў №1 Соф’я Палякевіч
Усяго за тыдзень юная новапалачанка стала лаўрэатам дыпломаў І ступені трох прэстыжных конкурсаў інструментальнай музыкі абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Не паспела Соф’я адсвяткаваць першае месца ў малодшай катэгорыі фартэпіяннага аддзялення адкрытага конкурсу вакалістаў і інструменталістаў «Сяміцвецік» (г. Віцебск), як ужо на наступны дзень ёй апладзіравалі ў Мінску.
17 лістапада ў сталіцы краіны прайшоў фінальны канцэрт конкурсу «Мы верым у музыку 2018», які штогод ладзіць найбуйнейшы вытворца музычных інструментаў у свеце – знакамітая японская транснацыянальная кампанія Yamaha. Сёлета на спаборніцтва паступіла больш за 70 заявак ад юных піяністаў з усіх куткоў Беларусі. У фінал прайшлі толькі 11 удзельнікаў.
На першым этапе дзяўчынка прадставіла пяць разнажанравых твораў, а ў сталіцу прыехала з п’есай нарвежскага кампазітара Эдварда Грыга «Накцюрн», якую развучыла за месяц. Яе талент, харызму, выразную эмацыянальнасць падчас выступлення прадстаўнічае журы ацаніла высока. Галоўны прыз – лічбавае піяніна «Yamaha Arius YDP-163» коштам у 1 500 долараў дасталася нашай Соне. Гэта высокаякасны, тэхнічна дасканалы сучасны інструмент. Нават спрактыкаваныя і патрабавальныя прафесіяналы высока цэняць яго магчымасці. Дарэчы, на гэтым конкурсе Соф’я ўпершыню села за лічбавае піяніна.
На мінулых выхадных, 24‑25 лістапада, юная творца зноў праславіла Наваполацк, вярнуўшыся дадому ў якасці пераможцы I Міжнароднага конкурсу мастацтваў «Срэбраныя струны дажджу» (г. Смаленск).
Пераможным для Соні зноў стаў адзін з самых прыгожых і тэхнічна насычаных твораў нарвежскага кампазітара. «Фартэпіянныя мініяцюры Грыга – гэта ўражанні, вобразы і карціны. Іх унутраная мастацкая мэта – не ўвасабленне сюжэта, а перш за ўсё перадача няўлоўных настрояў тонкай эмацыянальнай палітры з дапамогай гукаў. Тут адной тэхнікай не возьмеш, трэба ўмець данесці музыку да слухачоў. Гэты твор лічыцца складаным для выканання. Многія вучні іграюць яго ў 6–7-х класах мастацкай школы. Соня навучаецца ў нас толькі другі год. Яна валодае прыродным талентам, умее сабрацца, сканцэнтравацца на сцэне і выступіць лепш, чым на рэпетыцыях. Разам з тым яна неверагодна працалюбівая, адданая творчасці. Напярэдадні конкурсаў дзяўчынка ўпарта трэніравалася па 5 гадзін на дзень. І гэта пры тым, што ў асноўнай навучальнай установе, гімназіі №1, Соня вучыцца на выдатна», – адзначыла ў размове з карэспандэнтам «НС» настаўніца юнай піяністкі – выкладчык па класе фартэпіяна ДШМ №1 Маргарыта Мартас.
Нэлі Радзько
фота Дзяніса Лешчыка