У Наваполацку прайшоў шляхецкі баль
Дамы ў пышных сукенках. Кавалеры ў старадаўніх фраках. Гучыць узнёслая музыка, і пары пачынаюць кружыцца ў вальсе, весела танчыць полькутройку, пераходзяць на грасфатар, кантрданс…
У Палацы дзяцей і моладзі адбыўся сапраўдны шляхецкі баль. Унікальную магчымасць здзейсніць падарожжа ў мінулае пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наваполацкага гарвыканкама новапалачанам падаравалі ўдзельнікі клуба культурна-гістарычнай рэканструкцыі «Паўночная вежа» культурна-гістарычнага комплекса «Залатое кола Віцебска «Дзвіна» і Віцебскае абласное грамадскае аб’яднанне «Ветэранаў дэсантных войскаў і сіл спецыяльных аперацый».
Адкрылася імпрэза ўрачыстым паланезам. Затым госці запрасілі гараджан на баль, на якім вучылі танцам Сярэднявечча і ХІХ стагоддзя.
Разам гулялі ў «Жывыя карціны» (нагадвае сучасны «Кракадзіл»).
Галоўнымі ўдзельнікамі вечара сталі ветэраны аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту Наваполацкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Выходзячы з залы палаца, яны прызнаваліся, што ім было не так ужо і лёгка засвоіць усе танцы, аднак вельмі спадабалася.
Тамара Лысёнак, валанцёр Наваполацкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:
– Больш за дваццаць год працавала ў таможні. Зараз на пенсіі. Таксама наведваю клуб «Балансэ», бо вельмі люблю танцаваць. Сённяшні майстарклас быў проста шыкоўны. Мне ўсё вельмі спадабалася. Арганізатары так добра растлумачвалі і паказвалі, што нават самы непадрыхтаваны змог бы танцаваць. Асабліва мне спадабалася катыльённая гульня. Такія мерапрыемствы абавязкова трэба ладзіць і прывабліваць людзей. Бо калі ў чалавека добры настрой, то і самаадчуванне такое ж.
Задаволенымі засталіся і арганізатары балю. У размове з карэспандэнтам «НС» кіраўнікі клуба культурнагістарычнай рэканструкцыі «Паўночная вежа» Эла і Максім Каржыцкія, Крысціна Бондарава адзначылі: «У нас шмат цікавых праектаў. Часам праводзім майстаркласы па танцам, часам з’яўляемся запрошанымі гасцямі на нейкіх праектах. Але наша першасная дзейнасць – гэта рэканструкцыя танцаў Сярэднявечча. Сёння ў нас адбыўся, бадай, самы вялікі майстарклас. Публіка прыйшла вельмі ахвочая да танцаў. Мы вельмі задаволены прыёмам і падрыхтоўкай нашых гасцей».
Іван Падобін, ветэран адкрытага акцыянернага таварыства «Будаўнічамантажны трэст №16 г. Наваполацка»:
– Я заўсёды любіў танцаваць. Яшчэ ў гады працоўнай дзейнасці займаўся гімнастыкай, акрабатыкай. Зараз баўлю час у гуртку бальнага танца «Балансэ» пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту ТЦСАН пад кіраўніцтвам Галіны Лесніковіч. Сёння быў цудоўны вечар у добрай кампаніі. Трошкі стаміўся, але не прапусціў ніводнага тура танца.
Перад прысутнымі ў гэты дзень выступілі і нашы землякі – ансамбль бальнага танца «Менуэт» Палаца культуры ААТ «Нафтан». Старшыня Віцебскага абласнога грамадскага аб’яднання «Ветэраны дэсантных войскаў і сіл спецыяльных аперацый» Ілля Калмакоў выказаў афіцыйныя падзякі клубу «Паўночная вежа» і Палацу дзяцей і моладзі. Паабяцаў, што творчае супрацоўніцтва з Наваполацкам абавязкова працягнецца. Магчыма, восенню новапалачане змогуць зноў акунуцца ў чароўны свет балю.
Нэлі РАДЗЬКО
Фота аўтара