Успамiны ветэрана Вялікай Айчыннай вайны папоўнiлi наваполацкi музей
Экспазіцыя «Гісторыя вайсковай славы Баравухі» папоўнілася ўнікальным музейным прадметам – рукапісам ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Балгарэнка, які налічвае аж 179 старонак жыццёвых успамінаў нашага земляка.
«Зараз у нашым фондзе захоўваецца каля 30-ці дакументаў, напісаных сведкамі вайны, але такую вялізную працу я бачу ўпершыню. Яе нам перадала дачка Уладзіміра Фёдаравіча – Любоў Дзмітрачэнка. Яна прысутнічала на прэзентацыі зборніка «Памяць вайны стукае нам у сэрцы», выдадзенага наваполацкім музеем, і была кранута павагай да памяці яе бацькі. Уладзімір Балгарэнка сустрэў вайну ва Украіне. У складзе артылерыйскага палка 19-й знішчальнасупрацьтанкавай брыгады Савецкай Арміі ўдзельнічаў у баях на ПаўднёваЗаходнім фронце пад Харкавам. Вызваляў Украіну, Малдову, Румынію, Польшчу, Чэхаславакію, што дэталёва распісаў у сваіх нататках. У яго ўспамінах ёсць такія словы: «Хочацца верыць, што гэта ніколі не паўторыцца, бо абаронцы Радзімы казалі: «Мы паміраем, каб жылі іншыя».
На жаль, жыццё ветэрана абарвалася досыць рана. Ён памёр у 1977 годзе ва ўзросце 54 гадоў. Але пакінуў пасля сябе выдатны рукапіс. Мы вельмі ўдзячныя яго сям’і за гэты скарб», – у размове з карэспандэнтам «НС» адзначыла навуковы супрацоўнік наваполацкага музея гісторыі і культуры Марына Куксёнак.
Нэлі РАДЗЬКО