Наваполацкiя католiкi сустрэлi Нараджэнне Хрыстовае
У Калядны вечар, 24 снежня, у гарадскiм каталiцкiм храме Найсвяцейшага Сэрца Езуса адбылося святочнае набажэнства. А ранiшнюю сустрэчу вернiкаў наведалi прадстаўнiкi гарвыканкама – з дарункамi.
У святочны вечар прыхаджане запоўнілі храм Найсвяцейшага Сэрца Езуса амаль да адмовы. Падчас святочнай імшы гучала арганная музыка, якая стварала атмасферу чароўнага Раства. Асаблівым упрыгожваннем вячэрняй і ранішняй служб былi харавыя спевы вернікаў, якiя ў гэтае свята мелi асаблівае ўзвышша. Адчуць духоўную атмасферу свята Раства дапамагала ўсталяваная ў касцёле батлейка. Гэта макет хлява з фігуркамі Марыі і Iосiфа, i калыскай з фігуркай дзіця.
Раніцай настаяцель храма айцец Аляксандр Чайкоўскi вітаў вернiкаў і гасцей – прадстаўнiкоў мясцовай улады. У сваю чаргу намеснiк старшынi Наваполацкага гарвыканкама Андрэй Адзiночкiн накiраваў удзельнiкам набажэнства i ўсiм каталіцкiм вернiкам Наваполацка святочныя пажаданнi ад старшынi гарвыканкама Дзмiтрыя Дзямiдава i старшынi Савета дэпутатаў Алега Буевiча.
«Паважаныя новапалачане! Вiншуем вас са светлым святам Раства Хрыстова! Жыхары горада Наваполацка традыцыйна звязваюць з Раством свае самыя запаветныя планы на будучыню, накiроўваючы шчырыя пажаданнi адно аднаму любвi, дабрабыту i сямейнага шчасця. Вечныя каштоўнасцi дабрынi i любовi натхняюць нас на мiласэрныя ўчынкi і дапамагаюць глыбей спасцiгнуць сэнс бiблейскiх запаведзяў, у аснове якiх бязмежная дабрыня i ўседаравальная любоў. Светлыя днi свята аб’ядноўваюць нашы сем’i. Усiм нам неабходныя простыя i важныя радасцi: мiр i спакой дарагiх нам людзей, упэўненасць у заўтрашнiм дне, добрыя адносiны з сябрамi, калегамi i суседзямi. Няхай жыватворнае святло ўрачыстых дзён заўсёды сагравае вашыя сем’i, душу i сэрца кожнага чалавека. Няхай упэўненасць у перамозе дабра зробiць нашае жыццё больш дастойным i шчаслiвым. Жадаем усiм вернiкам здароўя, мiру i дабра, любовi, даверу, узаемаразумення ў кожным доме. Са святам!»
У адказ ксёндз Аляксандр падзякаваў прадстаўнiкам гарвыканкама за тое, что падтрымлiваецца гэта добрая традыцыя святочнага прывiтання каталiцкiх вернiкаў Наваполацка. Ён прасiў ад iмя усёй парафiяльнай супольнасцi пераказаць прывiтаннi вышэйшаму начальству горада i пажадаць таксама дабрабыту, сямейнага шчасця, адзначыўшы, што за гэты дабрабыт i сямейнае шчасце трэба змагацца, таксама не без малiтвы.
Кацярына ТОЛСЦІКАВА
Фота Дзянiса Лешчыка