У наваполацкай ДШМ №1 адбыўся канцерт беларускай класічнай музыкі
Шырокай панарамай беларускага класічнага мастацтва аматараў інструментальнай музыкі парадавалі вучні дзіцячай школы мастацтваў №1. Канцэрт «О, край родны, край прыгожы!» прысвяцілі Году малой радзімы. У выкананні лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, ансамбляў і салістаў ДШМ №1 прагучалі шэдэўры кампазітарскага генія нашых суайчыннікаў.
«Музычнае мастацтва Беларусі вылучаецца самабытнасцю і нацыянальным каларытам, ахоплівае розныя накірункі і стылі. Такія знакамітыя кампазітары мінуўшчыны, як Напалеон Орда, Рафаіл Вардоцкі, Ян Голанд, Міхаіл Ельскі і многія іншыя, падрыхтавалі грунтоўную глебу для развіцця музыкі будучых стагоддзяў. Мала хто ведае, што нашы беларускія кампазітары прымалі непасрэдны ўдзел у абароне Радзімы ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Напрыклад, Уладзімір Алоўнікаў змагаўся на фронце разам з партызанамі, а Міхаіл Крошнер, аўтар першага беларускага балета «Салавей», на жаль, загінуў падчас вайны. Свой каштоўны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры краіны ўнеслі і выдатныя музыканты сучаснасці – піяністы Ігар Алоўнікаў, Юрый Гільдзюк, выканаўцы на народных інструментах Яўген Гладкоў, Галіна Асмалоўская, Мікалай Сеўрукоў, дырыжор Міхаіл Дрынеўскі. Багатую музычную спадчыну выбітных кампазітараў Беларусі мы і прадставілі на канцэрце «О, край родны, край прыгожы!» – у размове з карэспандэнтам «НС» адзначыла вядучая вечара Ірына Нікалаева.
Нелi РАДЗЬКО