Гастрольны тур да свайго 90-годдзя аркестр пачаў з Наваполацка
Старэйшы музычны калектыў краіны – Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча – даў канцэрт ў Наваполацкім музычным каледжы.
За гады творчай дзейнасці аркестр заслужыў любоў і ўдзячнасць мільёнаў слухачоў па ўсім свеце. У яго рэпертуары больш за дзве тысячы твораў. Гэта апрацоўкі народных песень і танцаў, арыгінальныя творы беларускіх кампазітараў, руская і замежная класіка, сучасная музыка. Сёлета ўнікальны калектыў святкуе сваё 90-годдзе. Першым горадам у юбілейным гастрольным туры стаў Наваполацк. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар Міхаіл Казінец адзначыў, што з радасцю завітаў у Наваполацкі музычны каледж, да якога мае сардэчную цеплыню і прыязнасць, падзякаваў яго выкладчыцкаму складу за значны ўнёсак у развіццё музычнай культуры Беларусі.
«Далёка не кожная навучальная ўстанова мае такіх педагогаў, музыкантаў з вялікай літары, як Віктар Малых, Леанід Маліноўскі. Іх творы – адны з самых яркіх у нашым рэпертуары. Гэта і выдатная апрацоўка Маліноўскага «Рыа-Рыта», і аўтарскія творы Малых «Фантазія», «Старагародская сюіта» i iнш. Больш таго, у нашым калектыве сёння 52 чалавекі, тры з іх – вашы выпускнікі. Наваполацкі музычны каледж – гэта марка. Многія з яго былых навучэнцаў дасягнулі поспеху і сталі выбітнымі асобамі на творчым небасхіле беларускай музычнай культуры. Таму нам так прыемна выступаць тут, у вас – у атмасферы дасведчанай, тонкай, удзячнай публікі», – у размове з карэспандэнтам «НС» сказаў Міхаіл Казінец.
Сусветная і беларуская класіка, аранжыроўкі музычных твораў у рознай стылістыцы, срэбраныя гукі цымбал і шматграннасць «галасоў» аўтэнтычных народных інструментаў. Кожны нумар артысты выконвалі з віртуозным майстэрствам і дасканаласцю, зноў і зноў даказваючы высокі статус музыкальнай эліты Беларусі. Здавалася, што нават знакамітыя кампазітары на партрэтах актавай залы каледжа з замілаваннем і бацькоўскім адабрэннем слухалі музычную феерыю ўнікальнага народнага калектыву.
Нелi РАДЗЬКО
Фота Дзянiса Лэшчыка