Ірына Іршонак стала ўладальніцай Прэзідэнцкай прэміі па падтрымцы таленавітай моладзі
Навучэнка аддзялення «Дырыжыраванне» (народны хор) Наваполацкага музычнага каледжа Ірына Іршонак зноў у ліку ўладальнікаў прэстыжнай прэміі фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Гэта ўжо другая Прэзідэнцкая прэмія таленавітай спявачкі. Ірына – уладальніца мноства творчых узнагарод ад гарадскога да міжнароднага ўзроўню. Толькі за апошні час яна заваявала дыплом лаўрэата другой ступені на I Рэспубліканскім дзіцячым фестывалі-конкурсе выканаўцаў народнай песні «Жывая крыніца» і на VIІІ Міжнародным фестывалі славянскай народнай песні «Оптинская весна – 2017» (г.Казельск, Расія). Міжнародны фестываль – конкурс мастацтваў «Залатая Мара – 2019» прынёс ёй дыплом лаўрэата І ступені. У мінулым годзе Ірына стала другой на Міжнародным фальклорным фестывалі «Как на речке было на Фонтанке» (г. Санкт-Пецярбург, Расія). У гэтым годзе на тым жа творчым спаборніцтве пацвердзіла свой высокі клас выканальніцкага майстэрства дыпломам лаўрэата ІІІ ступені. Ірына Іршонак спявае адразу ў трох калектывах – хоры «Рэчанька», фальклорным ансамблі «Вербіца» Наваполацкага музкаледжа і заслужаным калектыве Рэспублікі Беларусь вакальна− харэаграфічным ансамблі «Камарыкі» імя Чэслава Клячко Палаца культуры ААТ «Нафтан». Сёлета яна выпускніца, ідзе на чырвоны дыплом, а ў хуткім часе плануе стаць студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры и мастацтваў.
Нэлі РАДЗЬКО