На юбілей Полацкага музея беларускага кнігадрукавання прыехалі відныя дзеячы музейнай справы з усёй краіны
Сваё 30-годдзе Полацкі музей беларускага кнігадрукавання адсвяткаваў у цёплай сяброўкай атмасферы. Удзел у мерапрыемстве прынялі дырэктары вядучых музеяў Мінска, прадстаўнікі улады з Віцебска і Полацка.
Да свята была прымеркавана выстава «У самы жывы з усіх музеяў з пажаданнямі…», на якой сабралі ўнікальныя артэфакты і фотаздымкі з жыцця ўстановы. Музей быў адчынена ў няпростыя часы станаўлення самастойнай беларускай дзяржаўнасці. Адным з першых яго наведвальнікаў 8 верасня 1990 года стаў прамы нашчадак нашага знакамітага асветніка, першадрукара Францыска Скарыны – доктар медыцынскіх навук, прафесар Манрэальскага ўніверсітэта Станіслаў Стэнлі-Скарына.
Гісторыя развіцця адзінага ў сваім родзе музея пісьментсва ў краіне непарыўна звязана з асобай яго першага дырэктара Галіны Ладзісавай, якая сёння займае пасаду дырэктара музея гісторыі горада Мінска. Падчас свайго выступлення Галіна Пятроўна расказала, як збіралася адна з самых вялікіх у Еўропе экспазіцый пісьмовых прыладаў, кніжнай ілюстрацыі, паліграфіі. З якой дасканаласцю распрацоўваліся тыпажы для воскавых фігур першадрукароў – сапраўднага дзіва для беларускіх музеяў пачатку 90-х. Дарэчы, іх рабілі у Рызе па спецзаказу. Мастацкім рашэннем экспазіцыі ўстановы займаўся наш знакаміты мастак, аўтар экспазіцыі музея Сімяона Полацкага, Дзяржаўнага музея тэатра і музыкі, музея гісторыі і культуры Наваполацка і асобных экспазіцый у Мірскім замку, Паставах, Віцебску і іншых гарадах Ігар Куржалаў, які таксама далучыўся да святочнага мерапрыемства з нагоды 30-гадовага юбілея.
Шчырыя словы ўдзячнасці за працу і віншаванні яго супрацоўнікам адрасавалі шматлікія госці, выбітныя дзеячы музейнай справы краіны. Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў перадаў у фонды «юбіляра» аўтарскую кнігу «Вітольд Бялыніцкі-Біруля», выдадзеную да Дня пісьменства ў Бялынічах. Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі перадаў лепшыя выданні Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці апошніх гадоў і ўручыў загадчыцы музея беларускага кнігадрукавання г.Полацка Славіне Гаўрылавай ганаровую грамату. З падарункамі і ўзнагародамі на свята завітаў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч. Дарэчы, ў свой 30-ты дзень нараджэння музей атрымаў у падарунак з дзесятак рэдкіх выданняў ад вядучых музеяў краіны. Сярод іх – унікальная кніга аднаго верша Янкі Купалы «А хто там ідзе», перакладзенага на 100 моваў свету!
Урачыстым момантам вечара стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускага кнігадрукавання.
Нэлі РАДЗЬКО
Фота Анастасіі Грыгарэнка
Читайте также: