Гадавое кола. Што за свята – «Кузьма-Дзям’ян»?
Дзень памяці праваслаўных святых Касьмы і Даміана (14 лістапада) у народнай свядомасці ператварыўся ў свята адной зборнай асобы – Кузьмы-Дзям’яна, Кузьмадзям’яна, Божага Каваля. Кузьма-Дзям’ян у адным з беларускіх паданняў быццам бы дзякуючы сваёй вынаходлівасці перамог пачварнага змея, што жэр людзей.
І гэты ж персанаж у народзе лічыцца апекуном кавалёў ды вяселляў. Здаецца, дзіўнае сумяшчэнне функцый. Але, калі падумаць, каваль мае непасрэдныя зносіны з агнём, а немалаважна, каб жар кахання, як і агонь у сямейным ачагу, не згасаў. Магчыма, менавіта ў гэтым паэтычным народным пераасэнсаванні крыецца загадка гэтага свята, якое называюць яшчэ Кузьмінкі. А таксама агонь і жалеза лічыліся абярэгамі, сродкамі ад нячысцікаў, адсюль, мабыць, і легенда пра перамогу над змеям.
Дарэчы, візантыйскія святыя ніякага дачынення да кавальства не мелі. Верагодна, імя Касьмы-Кузьмы спалучылася з гэтай прафесіяй паводле гукавага падабенства. Магчыма, што хрысціянская традыцыя наклалася на святкаванні яшчэ язычніцкай пары, звязаныя з богам-кавалём старадаўняга пантэона.
Мы такія адны?
Што тычыцца багоў-кавалёў, то гэты вобраз досыць распаўсюджаны ў свеце. Тут вам і грэчаскі Гефест, і фінскі Ілмарынэн, які ў міфах напрамую называецца кавалём, тут і ірландскі Гобню, таксама каваль і чарадзей. Беларусы, улічваючы складанасць кавальскай працы, ды яшчэ і з агнём, таксама надзялялі прадстаўнікоў гэтай прафесіі магічнымі ўласцівасцямі. Шмат у легендарыумах розных народаў свету і герояў-змеяборцаў.
Але варта заўважыць, што ніхто са згаданых міфалагічных персанажаў не адказваў яшчэ і за шлюб. Між іншым, менавіта апякунства Кузьмы-Дзям’яна «каваннем вяселля» шмат у чым зрабіла гэтае свята «дзявочым»: дзяўчаты, якія хацелі да посту выйсці замуж, скіроўвалі да гэтых святых свае малітвы.
Як гэта адбывалася?
Свята адзначалася досыць шырока, часам зацягвалася на некалькі дзён. Верагодна, не ў апошнюю чаргу для таго, каб на дзявочых вячорках-Кузьмінках змаглі «скавацца» новыя пары. Калі так адбывалася, казалі, што хітрая дзеўка «падкузьміла» хлопца.
Незамужняя дачка ў гэты дзень лічылася гаспадыняй у хаце, самастойна гатавала ежу, частуючы ўсю сям’ю. Адным з асноўных прадуктаў у гэты дзень станавілася курынае мяса (нават прымаўка захавалася: «Кузьма-Дзям’ян – курыная смерць»), а са страваў – курыная локшына. Елі абавязкова і кашу, кіруючыся тым, што персанажы легенды былі людзьмі простымі, а значыць, непатрабавальнымі.
Збіраючыся есці, запрашалі святых далучыцца да сям’і:
– Кузьма-Дзям’ян, хадзі да нас кашу есці!
Каштуючы мяса курыцы, забаранялася ламаць косткі: праз гэта кураняты быццам бы маглі вылупляцца выродлівымі, «пераламанымі». Увогуле ж, у традыцыі абавязкова каштаваць курынае мяса ў гэты дзень і як бы ахвяраваць святым кур прасочваюцца язычніцкія карані свята. Лічылася, што калі забіць курыцу ў гэты дзень, куры ў гаспадарцы «будуць весціся». Цікава таксама, што ў некаторых мясцовасцях хатнюю птушку нават крапілі святой вадой.
Што гатавалі?
Цэнтрам святочнага стала станавілася курыная локшына – дакладней, суп з самаробнымі мучнымі вырабамі. Варта адзначыць, што зробленая самастойна локшына мае больш далікатны і мяккі смак, чым магазінная, а таму, магчыма, варта паспрабаваць прыгатаваць гэтую страву самастойна – паводле народнага рэцэпту.
Муку трэба насыпаць горкай, туды разбіць яйка, расцертае з соллю, дадаць трохі вады і замясіць крутое цеста. Цеста пасля раскотваецца тонкім пластом і наразаецца на тонкія палоскі. Іх перасыпаем мукой і на нейкі час пакідаем, каб падсохлі.
Булён лепей варыць з цэлай курынай тушкі, паклаўшы яе ў рондаль з халоднай вадой і давёўшы да кіпення (так атрымаецца больш наварыста). Далей дадаецца морква, цыбуля, пятрушка. Калі курыца зварыцца, булён трэба працадзіць, зноў давесці да кіпення і дадаць у яго локшыну. Рондаль трэба трымаць на маленькім агні, пакуль локшына не ўсплыве. На стол падаваць гарачым, дадаўшы нарэзаныя парцыённа кавалкі курыцы, свежую зеляніну.
Новая рубрыка ў газеце «НС»!
Гадавое кола для нашых продкаў уяўляла сабою паслядоўнасць разнастайных святаў, болей і меней значных, але ў любым выпадку па-свойму адметных. У кожнага свята быў свой настрой і сваё прызначэнне, свае функцыі ў наладжванні сусветнай гармоніі вакол чалавека, ягонай сувязі з вышэйшымі сіламі.
Мы – людзі іншага часу і на свет глядзім іначай. Але ўсё адно кожны з нас можа далучыцца да светаадчування нашых продкаў, болей даведаўшыся пра народныя традыцыі, што замацаваліся ў нацыянальным фальклоры. Якія нацыянальныя стравы і прыкметы звязаныя з тым або іншым святам народнага календара? Як раней святкавалі Каляды? Якія дзявочыя гаданні, паводле вераванняў, – самыя праўдзівыя? Як «падкузьміць» жаніха?І калі беларускія мядзведзі кладуцца спаць?
Пра ўсё гэта чытайце штоаўторак ў новай рубрыцы газеты «Новополоцк сегодня» – FOLKлуб.
Якія павер’і звязаныя з гэтым днём?
Апроч апякунства кавальскай справай, вяселлямі і хатняй птушкай Кузьма-Дзям’ян яшчэ здаўна лічыўся адказным за земляробства. Таму невыпадкова, што з гэтым днём звязана шмат прыкмет, істотных для тых, хто апрацоўвае зямлю.
Напрыклад, да 14 лістапада з дрэваў павінна было апасці лісце. Калі гэтага не адбывалася, на наступны год чакалі недарод. Многа снегу ў дзень Кузьмы-Дзям’яна абяцала ўвесну вялікую паводку. Увогуле ж Нябесны Каваль павінен быў «паставіць лёд на зямлі і вадзе», то бок, у гэты дзень чакаліся першыя прымаразкі.
А яшчэ лічылі, што, каб справа ўдалася, трэба, пачынаючы, мовіць:
– Кузьма-Дзям’ян, маці, дапамажыце мне працаваці!
Чаму гэта важна?
Гэтае свята, не так шырока вядомае, важнае хаця б тым, што паказвае нам, наколькі цесна сплеценыя ў народнай свядомасці хрысціянства і язычніцтва. А таксама гэта неблагая нагода самастойна праверыць, ці моцна змяніўся клімат і ці спраўджваюцца колішнія народныя прыкметы наконт надвор’я.
Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту носіць ілюстрацыйны характар