Гадавое кола. Што за свята – «Андрэйкі»?
Андрэйкі (яшчэ Андросы, або проста Андрэй) – яшчэ адно з моладзевых святаў старой Беларусі. Як можна здагадацца з назвы, гэты дзень быў звязаны з ушанаваннем памяці святога Андрэя. Дата ўшанавання святога магла адрознівацца (адпаведна, 30 лістапада або 13 снежня). Але сэнс заставаўся аднолькавым: гэта былі радасныя святкаванні моладзі перад доўгім постам. А яшчэ гэта быў дзень, калі дзяўчаты варажылі на будучыню. І, вядома ж, на каханне. Прычым «андрэеўскія» варожбы лічыліся самымі праўдзівымі.
Тыя варожбы, аднак, аніяк не заміналі хлопцам-аднавяскоўцам жартаваць з аматарак гаданняў, штукарыць і страшыць дзяўчат падчас «магічных» дзеянняў.
- Цяжка сказаць, чаму ў народнай свядомасці святы Андрэй стаў апекуном шлюбаў. Можа быць, як першы з апосталаў Хрыста, Андрэй падаваўся найбольш спрычыненым да боскай мудрасці. Таксама само імя «Андрэй» азначае «мужны, адважны». Магчыма, якраз тыя якасці, якія дзяўчатам хацелася б бачыць у сваім абранніку.
Мы такія адны?
Беларускіх дзяўчат у традыцыі «андрэеўскіх» варожбаў падтрымліваюць і рускія, і ўкраінкі. Увогуле, само свята паўстае своеасаблівай рэпетыцыяй да серыі калядных вячорак, дзе таксама практыкаваліся разнастайныя гаданні, звязаныя, дарэчы, не толькі з замужжам дачок, але і ўвогуле з дабрабытам усёй сям’і. Заўважым, аднак, што ў Расіі на Андрэя часта займаліся і прываротамі-прысушкамі, што для беларусак не было характэрна. На Украіне ж існаваў цэлы абрад «засявання канопляў», калі дзяўчаты раскідвалі зерне, прамаўляючы адпаведныя дню заклічкі. Верылі, што пасля «засявання» да іх у сне з’явіцца суджаны.
Як гэта адбывалася?
Дзявочыя гаданні – гэта цэлы комплекс самых разнастайных дзеянняў, звычайна прымеркаваных да нейкага свята. З апякунствам «гаспадара» або «гаспадыні» свята, якое спрыяла варожбам, дзяўчаты спрабавалі зазірнуць у сваю будучыню. У такі дзень збіраліся на вячоркі, натуральна, толькі сваёй, дзявочай кампаніяй. І варажылі – прычым спецыфіка гадання адрознівалася ў розных рэгіёнах Беларусі.
Напрыклад, на Вілейшчыне дзяўчына мусіла тройчы абабегчы вакол трох калодзежаў і прамовіць «На святога Андрэя канапелькі сею, Дай Бог мне узнаці, З кім век-векаваці». Тады ўночы яна мусіла прысніць жаніха.
На Лепельшчыне дзяўчыне (не кажучы ёй) пад ложак ставілі кубак з вадою і клалі паўзверх кубка трэсачку. Уночы яна мусіла прысніць, быццам суджаны пераводзіць яе праз мост. Таксама на беларускай поўначы ўмываліся расою, вярталіся дамоў, не абціраючы твар, і клаліся спаць з ручніком і грабеньчыкам пад падушкаю. Перад сном трэба было мовіць «Суджаны, раджаны, абатры мяне».
А вось у Пастаўскім раёне дачка клала маці пад падушку патэльню, завернутую ў што-небудзь мяккае. І раніцаю пыталася, каму маці ў сне смажыла яечню, бо будучай цешчы нібыта мусіў прысніцца зяць.
Што гатавалі?
Збіраючыся на вячоркі, моладзь прыносіла з сабою з дому сякія-такія прысмакі. Звычайна штосьці простае, тое, што было ў хаце. Але калі вечар быў святочны, то і стравы былі не зусім штодзённыя.
Як, напрыклад, беларускія калдуны.
Хтосьці кажа, быццам беларусы запазычылі страву ў беларускіх татар, якія гатуюць свае кундумы паводле падобнага рэцэпту. Але так або іначай калдуны – знакавы рэцэпт беларускай нацыянальнай кухні. І разам з «НС» вы зможаце прыгатаваць іх для сваёй сям’і.
- Цеста для калдуноў замешваюць на цеплаватай вадзе, дадаюць яйкі, трохі алею, соль. Часам – сок цыбулі. У выніку мусіць атрымацца цеста, што добра цягнецца і раскотваецца. Яго на нейкі час трэба, вымешаўшы і закруціўшы ў анучку, пакінуць у холадзе. Начынка можа быць рознай: з яек і варанай рыбы, з тварагу, з грыбоў або таўчонай бульбы. Галоўнае, каб яна была досыць клейкая, каб з яе можна было сфарміраваць невялікія шарыкі, якія пасля закручваюцца ў кавалачкі раскатанага цеста.
- Калдуны можна варыць, запякаць або смажыць. Мы прапануем зварыць у невялікім рондалі. Варыць трэба ў дастатковай колькасці вады на малым агні, хвілін пяць пасля таго, як калдуны ўсплывуць на паверхню. Есці можна з маслам, смятанай, а то й булёнам, у якім яны варыліся. Залежыць ад вашых асабістых густаў і кулінарнай фантазіі.
Якія павер’і звязаныя з гэтым днём?
Паколькі мэта варожбаў, прымеркаваных да гэтага свята, – вызначыцца з далейшым дзявочым лёсам, натуральна, існавалі некаторыя перасцярогі. Напрыклад, дзяўчаты пазбягалі хатняй працы (не ткалі, не пралі) у гэты дзень, каб як хутчэй выйсці замуж.
Разам з тым, нягледзячы на прымеркаванасць да гэтага дня разнастайных гаданняў, іншыя практыкі народнай магіі, напрыклад, любоўныя прысушкі, рэзка асуджаліся. Дужа негатыўна ставіліся таксама і да гадання на картах: прыхільніцы такіх варожбаў, верылі беларусы, ідуць адразу ў пекла.
Чаму гэта важна?
Гэта адна з мілых колішніх традыцый, якія былі жывымі і шырока ўжывальнымі параўнальна нядаўна. Распытайце сваіх бабуль: можа быць, яны ў маладосці якраз-такі варажылі на святога Андрэя? Як гэта адбывалася, ці спраўдзіліся колішнія варожбы?
Можа быць, запытаўшыся пра такое, вы адшукаеце новае для сябе і ў гісторыі ўласнай сям’і, і ў гісторыі нашага краю.
Таму што беларускі фальклор бліжэй, чым вы думаеце.
Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту носіць ілюстрацыйны характар
Вам будзе цікава пачытаць:
Гадавое кола. Што за свята – «Міхайлаў дзень»?