Наваполацкі ансамбль «Сузор’е» стаў пераможцам міжнароднага фестывалю «Белавежская зорка»
Народны ансамбль песні і музыкі «Сузор’е» сярэдняй школы №5 стаў пераможцам III Міжнароднага шматжанравага фестывалю «Белавежская зорка – 2020».
Удзел у конкурсе прынялі больш за 300 канкурсантаў з усіх абласцей Беларусі, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа. Відэавыступленні ацэньвала высокапрафесійнае міжнароднае журы. Узнагароджванне праходзіла ў прамым эфіры на канале «FestivaliBY» відэахосцінга YouTube.
Новапалачане прадставілі на конкурс беларускую народную песню «Валачобныя» ў аранжыроўцы кіраўніка ансамбля Льва Новікава. Адметнай асаблівасцю выступлення стаў вялікі колькасны склад удзельнікаў – навучэнцаў 2-9-х класаў і педагогаў школы. Усяго ў музычным нумары задзейнічалі 37 выканаўцаў.
Судзейская калегія адзначыла высокі ўзровень інтанацыйнага ладу, культуру і тэхнічную насычанасць музычнага твора, артыстызм наваполацкага калектыву, складанасць яго музычнага матэрыялу і сцэнічнае афармленне нумара.
Нэлі РАДЗЬКО