Новапалачанка стала лаўрэатам міжнароднага конкурсу «Art Sweden Fеst» у Швецыі
Выдатная навіна ў светлыя калядныя дні прыляцела да нас са Швецыі. Салістка вакальнай студыі «Изюминка» гімназіі №1 Марыя Баран стала лаўрэатам I ступені Міжнароднага конкурсу-фестывалю выканальніцкага мастацтва «Art Sweden Fеst» (Стакгольм).
Конкурс праводзіўся ў снежні 2020 года пры інфармацыйнай падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі. Свае таленты ў 8 відах мастацтваў на ім паказалі творчыя калектывы і артысты з усяго свету. Наваполацк на прэстыжным форуме Марыя Баран прадставіла песняй з мультыплікацыйнага фільма «Кароль Леў», якая і прынесла ёй перамогу ў намінацыі «Эстрадны вакал. 8-10 гадоў».
Як расказала кіраўнік студыі «Изюминка» Аксана Пацехіна, гэта ўжо чацвёртая перамога яе выхаванкі. Першы буйны поспех прыйшоў да Марыі на I Міжнародным творчым фестывалі-конкурсе «Diamonds» напачатку 2020-га, дзе яна заваявала першае месца. Вакалам таленавітая новапалачанка займаецца трэці год, а высокіх вынікаў дасягае дзякуючы сваёй працавітасці і мэтанакіраванасці. Акрамя музыкі дзяўчына праяўляе сябе ў выяўленчым мастацтве – вучыцца ў дзіцячай мастацкай школе імя І.Ф.Хруцкага.
Нэлi РАДЗЬКО