Как прошла премьера форум-спектакля «В овечьей шкуре» новополоцкого театра «Время» (+фото)
Народны тэатр «Время» Цэнтра культуры г.Наваполацка парадаваў новапалачан прэм’ерай форум-спектакля «У авечай шкуры». Рэжысёр Алена Клопава звярнулася да сацыяльна значнай тэмы ў грамадстве – аб’юз (форма псіхалагічнага, фізічнага ці эканамічнага гвалту над чалавекам).
Акцёры разыгралі тры міні-сюжэты, якія дэманстравалі розныя сітуацыі ў зносінах паміж мужчынай і жанчынай на працягу жыцця – ад першых рамантычных уздыхаў да ўладкаванага сямейнага побыту. «Аб’юз не адразу можна распазнаць. Часцей за ўсё ён хаваецца за празмерным клопатам ці агрэсіяй аднаго з партнёраў. Гэта нездаровыя адносіны. Ад іх трэба пазбаўляцца. Як? Адказ на гэтае пытанне мы высвятлялі разам на новым форум-спектаклі», – тлумачыць рэжысёр тэатра Алена Клопава.
І трэба адзначыць, што жадаючых было шмат. Гледачы з энтузіязмам выходзілі на сцэну, замянялі аднаго з акцёраў і адстойвалі сваё меркаванне. «У сучасным грамадстве востра стаіць пытанне так званай самавітасці. Чалавек імкнецца разабрацца, што ён сабой прадстаўляе, чаго насамрэч варты, да чаго імкнецца. І форум-тэатр у гэтым добра дапамагае», – адзначае рэжысёр.
Прэм’ера стала дэбютам для новай трупы тэатра «Время», якая ў гэтым годзе значна пашырылася.
Нэлі РАДЗЬКО