Прадстаўнікі Наваполацкага гарвыканкама павіншавалі каталікоў з Вялікаднем
Нядзельнай раніцай вернікі каталіцкай канфесіі адзначылі адно з галоўных хрысціянскіх свят – Вялікдзень. У парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста адбылася традыцыйная ўрачыстая імша. Раздзялілі светлую радасць з прыхаджанамі і прадстаўнікі гарадской улады – старшыня гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, першы намеснік старшыні Сяргей Сямёнычаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мікалай Раманоўскі і старшыня НГА РГА «Белая Русь» Наталля Сцегашова.
Вясновае свята аб’яднала шмат людзей розных пакаленняў, якія прыйшлі ў святыню, каб абмяняцца з духоўнымі братамі і сёстрамі ўрачыстымі словамі «Хрыстос Уваскрос», «Сапраўды Уваскрос», падзякаваць Збаўцу за жыццё, ахвяраванае за грахі чалавека. У парафіі ў гэты дзень панавала адмысловая ўрачыста-маўклівая атмасфера. Арганная музыка і многагалосныя харавыя спевы выклікалі асаблівую захопленасць і духоўнае ўзвышша. Нягледзячы на вялікую колькасць вернікаў, служба праходзіла з абавязковым захаваннем санітарных нормаў.
Настаяцель храма ксёндз Аляксандр Чайкоўскi прывітаў усіх прыхаджан і гасцей – прадстаўнiкоў гарадской улады:
– Наш Збаўца ўваскрос, разарваўшы путы смерці. Няхай кожны дзень уваскрасае ўсё самае лепшае, что заклаў у нас Бог. Гэта дзень, які даў нам Пан. Радуемся і весялімся ў ім.
Старшыня гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў павіншаваў каталікоў са святам і пажадаў узнеслага духу, згоды з сумленнем, духоўнай і фізічнай моцы, добрага настрою і жыццёвага дабрабыту. Ён адзначыў, што святкаванне Велікоднага дня ў Год народнага адзінства ўзмацняе яго значнасць і яднае вернікаў, пасхальныя дні нагадваюць пра нязменныя хрысціянскія каштоўнасці, умацоўваюць мір і згоду ў грамадстве.
Дзмітрый Дзямідаў таксама накiраваў удзельнiкам набажэнства i ўсiм каталіцкiм вернiкам Наваполацка шчырыя пажаданні ад старшынi Савета дэпутатаў Алега Буевiча. Віншавальныя словы дапоўніліся сімвалічнымі падарункамі – розна-каляровымі яйкамі і салодкімі кулічамі. У адказ ксёндз выказаў падзяку прадстаўнiкам гарвыканкама за тое, что кожны год падтрымлiваецца гэта добрая традыцыя святочнага прывiтання.
Шмат цёплых слоў было сказана ў гэты дзень. Сардэчная радасць ахапіла кожнага, хто быў блізкі да Бога, хто маліўся і адчуў усю духоўнасць і значнасть вялікага свята. На вачах многіх вернікаў былі слёзы… Слёзы радасці, смутку, ачышчэння.
– Вялікдзень заўсёды акрыляе душу і дае надзею на наша далейшае жыццё, – сказала пасля богаслужэння прыхажанка Марыя Лаева. – Яно дапамагае напоўніць сэрца дабром і чысцінёй, забыць спрэчкі і абіды, пакаяцца і атрымаць Божы супакой.
Наталля ХАРЫНА
Фота Анастасіі Грыгарэнка
Вам будет интересно почитать: