Живопись и музыка в творчестве юной новополочанки Евы Отман
«Восеньскі накцюрн» – пад такой назвай у гімназіі №1 адкрылася першая персанальная выстава навучэнкі Дзіцячай мастацкай школы імя І.Ф. Хруцкага Евы Отман.
Ева займаецца ў студыі выяўленчага мастацтва «Эцюд» ДМШ чацвёрты год. Падчас навучання пазнаёмілася з асновамі акадэмічнага малюнка, жывапісу, кампазіцыі, графікі, асвоіла маляванне з натуры. Яе работы не раз прадстаўлялі школу на конкурсах самага рознага ўзроўню. Напрыклад, карціна «Жарптушка» была адзначана адразу двума дыпломамі Міжнароднага фестывалюконкурсу «ArtPanorama Baltika – 2019» у г. Рэзэкнэ (Латвія). Прычым адзін з іх – у намінацыі «За арыгінальнае творчае рашэнне» – юнай творцы асабіста ўручыла вядомая віцебская мастачка Святлана Баранкоўская.
Адораная ад прыроды, Ева Отман паспяхова спалучае навучанне ў студыі з заняткамі ў дзіцячай школе мастацтваў №1. Калі ўважліва прыгледзецца да яе карцін, то нават можна адчуць музычную гармонію. Улюбёнымі жанрамі выяўленчага мастацтва дзяўчыны з’яўляюцца пейзаж і нацюрморт. Часцей за ўсё яна малюе вазы з кветкамі, садавіну, гародніну і любімы інструмент – скрыпку. Апошнім часам у сваіх работах аддае перавагу пастэлі і акварэлі. А кіраўнік студыі «Эцюд» Аляксей Плаксін лічыць, што Еве варта паспрабаваць сябе яшчэ і ў баціку. Гэта тэхніка малявання адкрые перад ёй магчымасці перадачы эмоцый і настрою праз тонкія, кантрасныя спалучэнні колераў.
Выстава «Восеньскі накцюрн» будзе доўжыцца да канца кастрычніка.
Нэлi РАДЗЬКО