Інструментальнаму ансамблю «Свая ігра» Наваполацкага музкаледжа прысвоена ганаровае званне «народны»
За значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый інструментальнаму ансамблю «Свая ігра» Наваполацкага музкаледжа прысвоена ганаровае званне «народны».
На творчым небасхіле Наваполацка калектыў з’явіўся ў 2016 годзе і адразу заваяваў любоў слухачоў. У яго саставе – прафесійныя музыканты, педагогі каледжа, а рэпертуару могуць пазайздросціць нават масцітыя калектывы. Спецыяльна для «Сваёй ігры» яго кіраўнік, знакаміты кампазітар Леанід Маліноўскі, піша аўтарскія творы, робіць аранжыроўкі, апрацоўкі, перакладанні.
За гады дзейнасці калектыў пабываў на лепшых гарадскіх, абласных і сталічных пляцоўках, запісаў на свой рахунак некалькі дзясяткаў перамог.
Нэлi РАДЗЬКО