Касмічную працаздосльнасць і неверагодны талент зноў дэманструюць удзельнікі вакальнай групы ўзорнага ансамбля танца і песні «Прыдзвінскія россыпы»
На II Міжнародным шматжанравым конкурсе-фестывалі «FESTA FIESTA» (Іспанія) «россыпы» заваявалі дыплом лаўрэатаў І ступені ў намінацыі «Вакальнае мастацтва (народныя спевы)». Дарэчы, спабоніцтва было гарачым. У новым творчым сезоне прынялі ўдзел больш за 500 талентаў з Беларусі, Грэцыі, Узбекістана, Расіі, Фінляндыі, Казахстана, Іспаніі. Конкурс трансляваўся анлайн. Міжнароднае журы вылучыла лепшых з лепшых. Вакальная група наваполацкага ансамбля пад кіраўніцтвам Нэлі Бароўскай прадставіла беларускую народную песню «Штой на нашай на вуліцы». Прычым, супернічалі новапалачане нароўні з прафесійнымі калектывамі, такімі як хор Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесеных, латвійскі смешаны хор «ЛАТГАЛЕ».Яшчэ пяць узнагарод калектыў узяў на Міжнародным анлайн-конкурсе «Жар-Птушка Расіі», які сабраў каля 7000 талентаў з 13 краін свету. У намінацыі «Вакальнае мастацтва, эстрадныя спевы» дыпломы лаўрэатаў І ступені ў розных узроставых катэгорыях зававалі Андрэй Леванюк, Яраслаў Еўтушэўскі і юная зорачка калектыву – сямігадовая Ксенія Жойдзік. Узнагароды такога ж узроўню ў намінацыі «Вакальнае мастацтва, народныя спевы» дамагліся саліст ансамбля Вадзім Пазняк і вакальная група «Прыдзвінскіх россыпаў».
Нэлі РАДЗЬКО