Народны музей баявой славы СШ №2 г. Наваполацка прыняў удзел у рэспубліканскім форуме
Народны музей баявой славы СШ №2 г. Наваполацка прыняў удзел у рэспубліканскім форуме музеяў устаноў адукацыі «Памяць народа – у надзейных руках моладзі».
Мерапрыемства прайшло ў анлайн- і афлайн-фарматах. Праграма прадугледжвала прэзентацыі асабістага вопыту ўдзельнікаў, абмеркаванне лепшых напрацовак падчас канферэнцый, семінараў, круглых сталоў.
Галоўны ахоўнік фондаў наваполацкага музея Ксенія Антонава выступіла з дакладам «Захоўваючы традыцыю, ствараем будучыню», прывяла канкрэтныя прыклады выкарыстання інавацыйных і інтэрактыўных формаў працы. «Напрыклад, мы арганізоўвалі экскурсіі для навучэнцаў школ горада, спецыяльны анлайн-паказ дзіцячага мастацкага фільма «Цень каравэлы» для партнёраў праграмы «Школьны Музей Перамогі», адукацыйныя лекцыі, накіраваныя на вывучэнне перыяду Вялікай Айчыннай вайны праз альтэрнатыўныя крыніцы «Франтавыя лісты». І гэта далёка не поўны спіс нашай дзейнасці», – у размове з карэспандэнтам «НС» адзначыла Ксенія Аляксандраўна.
У межах мерапрыемства быў праведзены конкурс прафесійнага музейнага майстэрства, на якім Ксенію Антонаву адзначылі дыпломам І ступені ў намінацыі «Навацыі ў музейнай дзейнасці».
Нэлі РАДЗЬКО