Новогодняя фотосессия в духе 70-х. В музее Новополоцка открылась ретро выставка с фотозоной по мотивам фильма «Ирония судьбы или С легким паром!»
Вы калі-небудзь марылі апынуцца ў 60-70-х гадах ХХ стагоддзя? Наваполацкі музей гісторыі і культуры дорыць усім новапалачанам такую магчымасць! З 1 снежня па 15 студзеня па адрасе: вул. Маладзёжная, 45, корпус 3 працуе ўнікальная выстава-фотазона «Стары Новы год».
Як расказаў малодшы навуковы супрацоўнік Аляксандр Клімято, на стварэнне тэматычнай экспазіцыі работнікаў музея натхніў знакаміты фільм Эльдара Разанава «Іронія лёсу, або З лёгкім парам!»:
– У савецкія часы не было такой разнастайнасці тавараў. Дызайн кватэр быў прыкладна аднолькавым. Амаль у кожным серванце красаваліся крыштальныя вазы, керамічныя сервізы, бархатныя фотаальбомы з чорна-белай хронікай жыцця гаспадароў. Абавязковым атрыбутам быў узорысты дыван на сцяне і сурвэтка на тэлевізары. Усё гэта мы ўзнавілі на нашай выставе. Тут і кнігі, якія раней прадаваліся па падпісцы, і набор пласцінак Высоцкага, і радыёла «Рыгонда», і тэлевізар «Тэмп», і нават эксклюзіўныя кiнакамера «Кіеў», тэлефон, зроблены ў ГДР. Частка выставы прадстаўляе сабой інсталяцыю кватэры перад святкаваннем Новага года. Шпалеры, крэслы, стол з маленькай ялінкай і сапраўднымі бутэлькамі з-пад савецкага шампанскага, грузінскага віна «Хвачкара» і мiнеральнай вады «Баржомі» – усё 70-х гадоў выпуску. Фігурка Дзеда Мароза з пап’е-машэ і гадзіннік, які прыпыніў свой рух за пяць хвілін да дванаццаці ночы… Кожны экспанат падабраны з далікатнай адказназцю перад мінулай эпохай.
Нэлi РАДЗЬКО