Анастасия Васюкевич завоевала диплом лауреата ІІ степени на Международном конкурсе в Москве
Для прадстаўніцы наваполацкай школы музыкі – Анастасіі Васюкевіч зорным стаў V Міжнародны конкурс імя народнага артыста Савецкага Саюза Рэйнгольда Гліэра.
«Глыбокае разуменне асноў майстэрства, вывучэнне вопыту папярэднікаў, шырокія пазнанні ў галіне культуры, гісторыі, філасофіі – неабходныя перадумовы для таго, каб з таленавітага чалавека вырас майстар, мастак», – лічыў Рэйнгольд Гліэр. Усім сваім жыццём ён пацвярджаў гэтыя словы і пакінуў пасля сябе багатую спадчыну.
Па ініцыятыве нашчадкаў выбітнага кампазітара з 2017 года ў сталіцы Расіі праводзіцца музычны конкурс. Сёлета творчае спаборніцтва сабрала каля
400 выканаўцаў з Беларусі, Кітая, Казахстана, Іспаніі, Малдовы, Мексікі, Арменіі. У склад журы ўвайшлі заслужаныя і народныя артысты, члены Саюза кампазітараў Расіі, салісты вядучых аркестраў Масквы, выкладчыкі расійскіх і замежных навучальных устаноў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў.
Вучаніца шостага класа ДШМ №1 выканала першую частку санаты e-moll Ёзэфа Гайдна і прэлюдыю самаго Гліэра. Дарэчы, менавіта гэты твор савецкага кампазітара новапалачанка сыграла на нядаўнім канцэрце ў Белдзяржфілармоніі, куды дзіцячая школа мастацтваў №1 была запрошана аддзяленнем Цэнтра Рэрыхаў у Беларусі. Міжнароднае журы маскоўскага конкурсу высока ацаніла талент Анастасіі Васюкевіч. Вынікам стаў дыплом лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі «Фартэпіяна-сола».
«Анастасія займаецца музыкай з 5 гадоў. Валодаючы выдатнымі здольнасцямі, адразу заявіла пра сябе як перспектыўная вучаніца з вялікім патэнцыялам. Першыя перамогі прыйшлі да яе ў 7 гадоў. Сёння на творчым рахунку піяністкі некалькі дзясяткаў узнагарод самага рознага ўзроўню. Другое месца на міжнародным конкурсе імя Рэйнгольда Гліэра – яшчэ адно пацверджанне выбітнага таленту Насці», – адзначае педагог дзяўчыны Маргарыта Мартас.
Нэлі Радзько