В музее истории и культуры г.Новополоцка завершился интеллектуально-познавательный проект «Адгукніся, душа…»
У музеі гісторыі і культуры завяршыўся гарадскі інтэлектуальна-пазнавальны турнір «Адгукніся, душа…», прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Удзел у ім прынялі 16 моладзевых каманд. На працягу амаль трох месяцаў яны спаборнічалі за званне лепшай.
Новы праект стартаваў у пачатку лютага. Яго арганізатарамі выступілі Наваполацкі гарвыканкам, аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і па адукацыі гарвыканкама, музей гісторыі і культуры, рэдакцыя газеты «Наваполацк сёння», КУП «Кабельнае тэлебачанне «Вектар», гарадскія арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі фонд міру» і «Беларускі саюз жанчын».
У супрацьстаянні эрудытаў сустрэліся навучэнцы старэйшых класаў агульнаадукацыйных школ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў горада. Малодшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Клімята распрацаваў для ўдзельнікаў комплекс пытанняў па гісторыі, мастацтву і, вядома, творчасці самаго Янкі Купалы. Этапы гульні праходзілі кожны тыдзень. Тых, хто прыпыняў свой шлях да п’едэстала, шчыра заахвочвалі падарункамі ад спонсараў праекта.
Фінал адбыўся 21 красавіка. Усе выдатна выступілі, але найлепшую падрыхтоўку паказалі вучні гімназіі №1 з мілагучнай назвай каманды «Сланечнікі».
Лепшым гульцом была прызнана яе ўдзельніца Яўгенія Кабяк. Срэбра ўзялі «Бусляняты» з СШ №7. Закрылі тройку лідараў «Купалінкі» СШ №12. Трошкі не хапіла «Летуценнікам» з СШ №14 – яны на чацвёртым месцы.
Дырэктар музея Уладзiмiр Беляеў шчыра падзякаваў фіналістам і педагогам, якія іх падрыхтавалі, адзначыў важнасць правядзення інтэлектуальных гульняў падобнага плану ў Год гістарычнай памяці.
Нэлі Радзько
фота Карыны Яроцкай і Аліны Станкевіч