Восстановленный новополоцким мастером древний вид батлейки «Витебский Жлоб» включен в список нематериального культурного наследия
Бягучы месяц адзначыўся сенсацыйнай падзеяй у культурным жыцці нашага горада – 13 ліпеня рэканструяванаму наваполацкім майстрам тэатру ценяў «Віцебскі Жлоб» быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.
Унікальнасць гэтага тыпу батлейкі ў тым, што ён быў пашыраны менавіта на Віцебшчыне ў XVIII – XIX стагоддзях. Па форме нагадваў трохкупальную царкву, якая стаяла на адмысловай лаве і спалучала ў сабе статычную панараму з рухомым тэатрам ценяў. Рэпертуар вызначаўся выключнай рэлігійнасцю. Містэрыі аб нараджэнні Хрыста паказваліся толькі два тыдні ў год – ад саміх Каляд да Хрышчэння. Нягледзячы на вялікую папулярнасць у народзе, ні воднага абразца гэтай цікавай культурнай з’явы да нашых дзён не захавалася. Апошні экземпляр з Ільінскай царквы знаходзіўся ў царкоўна-археалагічным музеі Мікалаеўскага сабора, што калісьці ўзвышаўся на плошчы Свабоды ў Віцебску. Потым яго перадалі ў краязнаўчы музей, які згарэў падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Гісторыя з’яўлення
Упершыню сцэну з нерухомых фігур у XV стагоддзі паставіў італьянскі манах Францішак. Гэты стала пачаткам узнікнення містэрыяльна-рэлігійнага тэатра – батлейкі. Хутка яна распаўсюдзілася па ўсёй прагрэсіўнай Еўропе. Была вядома ў Польшчы і Украіне.
На беларускія землі батлейку прынеслі манахі. Гэта быў моцны інструмент для распаўсюджвання ідэй хрысціянства. «Раней не было радыё, тэлебачання. І вось раптам прыходзіў у мясцовасць такі Жлоб, дзе ўсё круціцца, свеціцца. Толькі прадстаўце сабе, якая гэта была чароўная з’ява!» – адзначае Андрэй Рэцікаў. Дарэчы, назва «жлоб» паходзіць ад прыстасавання для кармлення жывёл, якое, паводле рэлігійных паданняў, стала яслямі для народжанага Дзевай Марыяй немаўляці – Ісуса Хрыста. Гэтая сцэна і была цэнтральнай у такім відзе тэатра. Яна вызначалася статычнасцю, а верхняя і бакавыя модулі змяшчалі рухомыя кружэлкі: металічныя абручы з плоскімі фігуркамі, вырабленымі з кардону або бляхі.
У адной нішы месціўся сюжэт «Пакланенне валхвоў, якія нясуць золата, ладан і міру Божаму сыну», у другой – «Уцёкі святой сям’і ў Егіпет» (калі цар Ірад даў загад забіць усіх немаўлят), у трэцяй – расказ пра тое, як Ірад адпраўляецца з войскам у паход. Прадстаўленне адбывалася ў цемры. У рух фігуркі прыводзіла цяпло свячэй. Суправаджаў дзею расказ і хор «хрыстасловаў», які спяваў святочныя псалмы.
Цікава, што Жлоб быў пашыраны менавіта ў Віцебскай губерніі – арыял распаўсюджвання ўзыходзіў да Веліжа (сучасная тэрыторыя Расіі), Суража, Лепеля, Дзісны.
Вось як па ўспамінах апісваў гэтую з’яву сучаснік Е.Д. Ковенскі: «Да канца 70-х гадоў ХІХ ст. у Веліжы існаваў звычай хрыстаслаўлення.
З вячэрняга да ранішняга золку па месце хадзілі з жлобам і звяздою, спяваючы пад вокнамі дамоў асобныя гімны і псальмы. Пры аднастайнасці і нуднасці беднага забавамі тагачаснага жыцця з’яўленне сярод народнага змроку асветленага жлобу і звязды з натоўпам хрыстасловаў, якія рытуальна апавядалі спевамі і прамовамі аб бэтлеемскіх падзеях, лічылася тут сапраўды прыемным здарэннем».
Андрэй Рэцікаў упэўнены, што свой ценявы тэатр меў Полацкі іезуіцкі калегіум (зараз – Полацкі дзяржуніверсітэт), які ў той час быў цэнтрам адукацыі і асветы. «Установу заснаваў Іезуіцкі ордэн – заможнае і моцнае рэлігійнае аб’яднанне. Там на высокім узроўні вывучаліся дакладныя і прыродазнаўчыя навукі. Батлейка як прагрэсіўная культурніцкая з’ява, што несла ідэі хрысціянства ў масы, не магла не цікавіць навукоўцаў», – выказвае меркаванне Андрэй Міхайлавіч.
З цягам часу Жлоб трансфарміраваўся: з’явіліся рухомыя лялькі, пашырыліся сцэнкі. У XVIII стагоддзі з цэркваў і касцёлаў яна перайшла ў рукі рамеснікаў. Яны пачалі па-мастацку аздабляць скрыню для прадстаўлення, дабаўляць народныя рысы ў характары герояў. У кожнай мясцовасці былі свае асаблівасці. Напрыклад, у «Віцебскім Жлобе» іўдзейскі цар Ірад едзе на фурмацы, што была распаўсюджана на Віцебшчыне ў XVIII стагоддзі, а святыя Марыя і Юзаф апрануты на манер тагачаснай моды.
Аднаўленне
Унікальнай тэатральнай з’явай кіраўнік «КапялюШа» зацікавіўся больш за 10 гадоў таму. Першую рэканструкцыю зрабіў на аснове даследаванняў беларускага этнографа Еўдакія Раманава, які ў 1889 годзе знайшоў экземпляр жлоба ў Суражы, апісаў яго і ў 1897 г. апублікаваў у сваёй кнізе «Беларусы». Адноўлены праз два стагоддзі экспанат новапалачанін прэзентаваў 19 студзеня 2016 года ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, дзе тэатр захоўваецца па сённяшні дзень.
Другі варыянт майстар вырабіў ў 2017-м спецыяльна для Міжнароднага батлеечнага фестывалю «Нябёсы». Менавіта гэты экзэмпляр «пайшоў у народ» – аднавіў традыцыю гастраляваць. Пабываў на «Чароўным куфэрку» ў Любані і прадставіў Наваполацк на «Славянскім базары – 2022» у Віцебску.
Плённую працу новапалачаніна заўважылі – была атрымана згода мастацтвазнаўцаў на ўключэнне «Жлоба» ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. З гэтай нагоды знакаміты лялечнік стварыў трэці варыянт ценявога тэатра. Прэзентацыя адбылася на пасяджэнні рады Міністэрства культуры 13 ліпеня.
Праўда, на гэты раз майстар звярнуўся да энцыклапедычнага зборніка Інбелкульта за 1928 год. У ім ёсць артыкул этнографа Уладзіміра Краснянскага «Батлейка Віцебскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага музея», дзе дакладна распісаны памеры і матэрыялы загінуўшага падчас вайны экспаната з Ільінскай царквы. Артыкул нават мае замалёўкі і фотаздымкі Жлоба. Гэта самая дасканалая яго копія на сённяшні дзень.
«Віцебскі Жлоб» – не проста ўнікальны тэатр, не памылюся, калі назаву яго культурным феноменам Беларусі. Нейкім незвычайным чынам ён можа ўздзейнічаць нават на сучаснага чалавека. Калі ў поўнай цемры запальваюцца свечы і фігуры пачынаюць круціцца ад іх цяпла, гурт зацягвае песні слаўлення, адбываецца сапраўдная магія. Гледачы сядзяць зачараваныя, як і стагоддзі таму», – адзначае Андрэй Рэцікаў.
Нэлі Радзько
фота аўтара