68 юных новополочан пополнили ряды учащихся Детской художественной школы им. И.Ф. Хруцкого
Шэсцьдзесят восем юных новапалачан у гэтым годзе сталі навучэнцамі Дзіцячай мастацкай школы імя І. Ф. Хруцкага.
Урачыстая лінейка прайшла пад знакам юбілея ўстановы. За 45 гадоў існавання з яе сцен выйшла 1200 выпускнікоў, а конкурс выяўленчага мастацтва сярод дзяцей і моладзі «Жыві, планета!» і пленэр-конкурс юных мастакоў «Палітра Прыдзвіння» сталі брэндамі нашага горада. Дарэчы, сёлета Гран-пры «палітры» заваявала новапалачанка Стэфанія Пешкава.
«За мінулы навучальны год мы адкрылі 44 выставы на розных арт-пляцоўках Наваполацка і вобласці, нашы навучэнцы паўдзельнічалі ў 36-ці конкурсах і заваявалі больш за 250 узнагарод. За 8 гадоў існавання праекта «Сакрэты майстэрства» да нас завіталі 15 знакамітых беларускіх мастакоў», – падкрэсліла дырэктар ДМШ Аксана Тарасікава, адкрываючы мерапрыемства.
Шмат шчырых слоў школе адрасавалі ганаровыя госці лінейкі – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наваполацкага гарвыканкама Мікалай Раманоўскі і галоўны спецыяліст аддзела Ганна Аўсюк.
Пад апладысменты прысутных 22 юных мастака атрымалі дыпломы і памятныя прызы за перамогі ў III адкрытым дзіцяча-юнацкім мастацкім конкурсе «Намалюй гэты свет», які праходзіў у г. Астравец. Лаўрэатамі І ступені на ім сталі Анастасія Брылеўская, Мацвей Кандыдатаў, Юлія Тафорава, Анастасія Шустава, Ядвіга Вавілонская, Карына Зазыба, Ксенія Каваленка, Аліна Станкевіч, Ксенія Каськевіч. Падрыхтоўкай пераможцаў займаліся педагогі Алена Карпава, Наталля Каржыцкая, Іна Шыпіла, Ірына Хаданёнак, Вольга Станкевіч.
Нэлі Радзько