Вместе мы – Беларусь! В Новополоцке широко отпраздновали День народного единства
У Наваполацку шырока адсвяткавалі Дзень народнага адзінства. Напрацягу тыдня ва ўстановах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях праходзілі разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты. Завяршыў марафон ініцыятыў урачысты канцэрт у гарадскім Цэнтры культуры, упрыгожваннем якога стала выступленне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі».
Файе ўстановы ўпрыгожылі мастацкімі дыванамі, выкананымі ў традыцыйнай беларускай манеры роспісу па тканіне, а каля ўвахода ў зал гралі музыканты.
Арганізатары канцэрта падрыхтавалі цікавы пралог з удзелам прадстаўнікоў з розных сфер дзейнасці.
У любові да роднага краю са сцэны прызнаваліся вайскоўцы і прамыслоўцы, вучнёўская і студэнцкая моладзь, лідары грамадскіх фарміраванняў. Свае таленты святу прысвячалі творчыя калектывы горада, а пераможцы конкурсу «Лепшая шматдзетная сям’я Наваполацка-2022» – Аляксандр і Наталля Мядзведзевы разам са сваімі дзецьмі чыталі вершы на роднай мове.
З віншавальнай прамовай да гараджан звярнуўся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў. У сваім выступленні ён адзначыў, што нягледзячы на невялікі тэрмін існавання, Дзень народнага адзінства знайшоў жывы водгук у сэрцах беларусаў.
Новапалачанам гэтая дата стала асабіста блізкай, бо Нафтаград узнік дзякуючы Усесаюзнай маладзёжнай будоўлі. Гісторыя нашага горада ўвабрала ў сябе шматкультурную спадчыну сваіх стваральнікаў, аб’яднала людзей розных нацыянальнасцей, стала яркім прыкладам добрасуседва і згоды. Дзмітрый Дзямідаў шчыра павіншаваў усіх прысутных са святам, падкрэсліў: «Будучыня залежыць ад нас саміх. Толькі працуючы ў адзіным ключы, разам, падтрымліваючы адзін аднога, мы дасягнем поспеху ў рэалізацыі планаў па паляпшэнню якасці жыцця людзей і даб’ёмся паступовага руху наперад».
Са словамі духоўнай мудрасці са сцэны Цэнтра культуры да новапалачан звярнуўся епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Уладыка нагадаў гараджанам пра гісторыю ўзнікнення Дня народнага адзінства, аб’яднанне заходніх і ўсходніх земляў Беларусі. Адзначыў важнасць гэтай падзеі для грамадства: «Кожны чалавек разумее, што, раз’ядноўваючы адзін аднаго, людзі прыходзяць да знішчэння. Аб’ядноўваючы – набываюць новую сілу. Сёння, мы глыбока асэнсоўваем самае важнае, што ёсць у народа – гэта адзінства поглядаў, веры і духу. У гэтым ёсць наша вялікая моц».
Нэлі Радзько
фота Алены Емяльянавай
Паглядзіце таксама: