Какую роль сыграл известный белорусский писатель Наум Гальперович в становлении новополоцких СМИ? Вспоминают его коллеги и друзья
Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, вядомы паэт, пісьменнік, публіцыст, Ганаровы грамадзянін гарадоў Наваполацка і Полацка, уладальнік такіх высокіх дзяржаўных узнагарод, як Медаль Францыска Скарыны і нагрудны знак «Выдатнік друку Беларусі», яркі прадстаўнік наваполацкай журналістыкі канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў, адзін з пачынальнікаў газеты «Наваполацк сёння», а зараз – вядучы карэспандэнт Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Навум Гальпяровіч на днях адзначыў сваё 75-годдзе.
Юбіляр, як гаворыцца, са знакам якасці. Навум Якаўлевіч дасягнуў значных вышынь у творчасці, зрабіў бліскучую кар’еру ў прафесіі, але адно ў яго жыцці было заўсёды нязменна – гэта шчырасць. Ён беззаганна дорыць свой талент людзям, з пяшчотай і павагай праслаўляе родны край. Асабістае свята пісьменніка – добрая нагода ўзгадаць пачатак зорнага шляху нашага знакамітага земляка.
У далёкія 80-я Навум Гальпяровіч працаваў рэдактарам радыёвяшчання ў вытворчым аб’яднанні «Палімір». Потым пачаў друкавацца ў мясцовай газеце «Хімік» і ў хуткім часе стаў яе штатнай адзінкай. Але асноўным этапам творчага развіцця для маладога журналіста была пасада ўласнага карэспандэнта Дзяржтэлерадыё БССР па Віцебскай вобласці. У эфіры ён не толькі расказваў навіны, але і закранаў праблемныя моманты жыцця гараджан. Тым самым мог паспрыяць вырашэнню шматлікіх пытанняў. На пачатку 90-х у гарадскім Савеце паўстала пытанне аб тым, што Нафтаграду трэба мець сваю грамадскую трыбуну ў сродках масавай інфармацыі. Навум Гальпяровіч актыўна ўзяўся за арганізацыю новага друкаванага выдання. Першы рэдактар «Наваполацк сёння» Павел Бурдыка ўзгадвае:
– Навум Якаўлевіч сыграў вялікую ролю ў маёй журналісцкай кар’еры, бо менавіта ён натхніў паспрабаваць сябе ў якасці кіраўніка «Новай газеты» (першая назва «НС»). Уся рэдакцыя тады займала невялікае памяшканне пры гарвыканкаме з парай сталоў і электрычнай машынкай «Янтар». Штат супрацоўнікаў збіралі па крупінках. Гальпяровіч стаў адным з першых карэспандэнтаў і дарадцаў газеты. Дзевяностыя – цікавыя часы. На сесію гарсавета тады збіраліся дэпутаты з усяго горада (акругоў раней было вельмі шмат). Размовы разгортваліся гарачыя, а пасяджэнні доўжыліся па некалькі дзён. Як гэта ўсё падаць грамадскасці? Я быў маладым, амбіцыйным, Навум – больш сталым, аўтарытэтным. Займаў пасады старшыні мандатнай камісіі па друку і ўласнага карэспандэнта Дзяржтэлерадыё па Віцебскай вобласці. На правах старэйшага таварыша ён мог даць добрую параду, падтрымаць у цяжкую хвіліну. Але сам аддаваў перавагу тэмам культуры. Цікавіўся гісторыяй, мовай. Вёў шырокую асветніцкую дзейнасць на старонках газеты.
З кожным выпускам наша выданне расло, дужэла. Зараз «НС» адмысловы брэнд Наваполацка, і ў гэта, безумоўна, свой унёсак зрабіў сёлетні юбіляр.
Навум Гальпяровіч – выбітны літаратар сучаснасці, аўтар некалькіх дзясяткаў кніг і зборнікаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. На яго вершы напісана шмат песень. Творы паэта перакладаліся на некалькі моў свету. Кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання «Крылы» Галіна Сташкевіч расказвае:
– З Навумам Якаўлевічам мы даўнія знаёмыя. Разам ладзілі не адну творчую імпрэзу. Ён вельмі актыўны, таленавіты чалавек. Аднойчы я правяла за дзень дзве сустрэчы з Навумам. І гэта былі адрозныя мерапрыемствы! Сама прыйшла ў захапленне ад таго, як ён валодаў публікай і ні разу не паўтарыўся. Гэта сапраўды цікавы пісьменнік, якому ёсць, што сказаць сваім чытачам.
«Крылы» заўсёды адчуваюць яго падтрымку. Нашаму творчаму супрацоўніцтву ўжо больш за 20 гадоў. У рэпертуары калектыва шмат вершаў Гальпяровіча. Яны ўпрыгожваюць гарадскія культурныя мерапрыемствы і прыносяць нам поспех. Напрыклад, Алена Штукіна з песняй на твор юбіляра «Стары будынак» дамаглася дыплома лаўрэата ІІІ ступені на абласным свяце-конкурсе «Песні сунічных бароў». У свой час ён даў рэкамендацыі нашай паэтке Іне Мароз для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, а ў 2018 годзе стаў адным з самых яркіх герояў цыкла сустрэч «Наваполацк – культурная сталіца краіны».
Калісьці Навум Якаўлевіч сказаў, што для яго, як літаратара, будзе вялікім шчасцем хоць адным вершам увайсці ў анталогію беларускай паэзіі. Але, на мой погляд, ён зрабіў значна больш, каб яго імя гучала праз стагоддзі. Творчасць аўтара, прасякнутая патрыятызмам, любоўю да роднага краю, слова, людзей, глыбокая па зместу і мастацкаму ўвасабленню. Ён – наша годнасць. Нездарма два гарады Наваполацк і Полацк уключылі паэта ў спіс сваіх ганаровых сыноў.
Аўтар: Нэлі РАДЗЬКО