В Новополоцке прошла премьера народного драматического театра «Время» – трагикомедия «Телефон доверия»
Старэйшы наваполацкі калектыў – народны тэатр «Время» Цэнтра культуры прадставіў гучную прэм’еру па твору расійскага пісьменіка Максіма Чартанава «Тэлефон даверу».
У цэнтры ўвагі новай рэжысёрскай работы Святланы Пуцыла – праблемы адзіноты і абыякавасці людзей адзін да аднаго. У кожнага героя пастаноўкі свой лёс і нагода сумаваць. Паэт-прапойца Сяргей Сяргеевіч (у ролі Сяргей Грыбаедаў) вырашае весці трэзвы лад жыцця, але яго пакідае муза, а значыць і жыць больш няма сэнсу. Запатрабаваны спецыяліст на працы і сціплая па натуры доктар-гінеколаг Аліса (Юлія Краснікава) перажывае, што нікому не патрэбная – яе тэлефон заўсёды маўчыць. Жалезная лэдзі Ксенія Іванаўна (Галіна Лесніковіч), яе антыпод – слабавольная Жанна (Марыя Валюшкіна) і студэнт-маргінал Арцём (Дзяніс Яфрэменка) – супрацоўнікі офіса.
Усе героі жывуць у правінцыяльным гарадку і звяртаюцца за псіхалагічнай дапамогай у спецыяльную службу, але на што б яны ні скардзіліся – у адказ чуюць, што, маўляў, іх турботы не вартыя перажыванняў. Пакуль аднойчы сітуацыя не змяняецца…
У інтэрпрэтацыі наваполацкага тэатра камедыя расійскага аўтара пераўтвараецца ў трагікамедыю і атрымоўвае шчаслівы фінал.
«Гэтай пастаноўкай мне хацелася не проста падняць праблему, развіць яе ў дыялогах, але і даць людзям надзею, паказаць, што ўсё можна змяніць, – гаворыць Святлана Пуцыла. – Спектакль атрымаўся вельмі кранальны, шчыры. Людзі розных узростаў падыходзілі, дзякавалі. Адна бабуля нават сказала, што запіша для сябе найбольш упадабаныя цытаты».
«Тэлефон даверу» ставілі напрацягу 4,5 месяцаў. Акцёры працавалі па тры-пяць дзён на тыдзень. Асабіста трэба адзначыць намаганні Галіны Лесніковіч, для якой прэм’ера стала творчым дэбютам. Спецыяльна для спектакля навучэнка музкаледжа Алена Кандрацьева нават напісала тры аўтарскія музычныя творы. Сумесныя намаганні не прайшлі дарэмна – у зале быў аншлаг.
«Рэкламныя афішы віселі ўсяго два тыдні. Мы ніяк не чакалі такога ажыятажу. Бачна, што людзі сумуюць па тэатру, а акцёры – па гледачам», – адзначыла Святлана Пуцыла.
Спектакль паказалі 15 сакавіка. Але, ужо стала вядома, што тэатр прыступіў да працы над новым праектам. Гэта будзе містычная драма. Сюжэт і назва – пакуль таямніца.
Нэлi Радзько
фота Вiктара Арлова