9 красавiка вернікі каталіцкай канфесіі сустрэнуць Вялікдзень
Паважаныя вернікі каталіцкай канфесіі!
Шчыра віншуем вас са святам Уваскрэсення Хрыстова!
Гэта дзень, калі ў сэрцах людзей пануе радасць і спакой, калі мы з асаблівай сілай адчуваем прысутнасць Госпада разам з намі.
На наш час прыйшоўся няпросты перыяд у знешнепалітычнай сітуацыі, але менавіта гэтыя складанасці яшчэ больш з’ядналі беларусаў усіх поглядаў і канфесій у жаданні зберагчы суверэнітэт і незалежнасць, жыць у мірнай краіне.
Упэўнены, што з Божай дапамогай мы пераадолеем усе выклікі, а наша Беларусь назаўсёды застанецца самастойнай дзяржавай, якая карыстаецца заслужанай павагай у сусветнай супольнасці.
Велікодныя ўрачыстасці традыцыйна нясуць надзею на лепшае. У святочныя дні становіцца асабліва ясна, наколькі важныя для нас духоўныя і сямейныя каштоўнасці, цярпімасць і разуменне, чысціня нашых намераў, чалавекалюбства і неабыякавасць да бліжняга.
Жадаем, каб вашы дамы нязменна былі напоўнены дабром і цеплынёй, а вы, вашы родныя і блізкія былі здаровыя і шчаслівыя.
Дзмітрый Дзямідаў,
член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь,
старшыня Наваполацкага гарвыканкама
Алег Буевіч,
старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў
Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!
Напружанасць у міжлюдcкіх адносінах нярэдка абуджае пытанне светапогляду чалавека. Хто я, навошта жыву, які сэнс у тым, што адбываецца са мной і навокал, што мяне чакае ў будучым? Сярод гэтых пытанняў важнае месца займае існаванне Найвышэйшай Сілы, Бога, у Якім чалавек нават інстынктыўна шукае паратунку і дапамогі ў вырашэнні тых ці іншых праблемаў.
Хрысціянства не проста дае адказы на пытанні, звязаныя з існаваннем чалавека, яно мае ў сабе моц учыніць гэтае існаванне «Паўнатою жыцця» (пар. Ян 10, 10). І гэтая «поўня», гэты Божы «дастатак» крыецца менавіта ў Крыжовай Ахвяры і Уваскрасенні нашага Збаўцы Езуса Хрыста.
Таму мы зноў з вялікай павагай, радасцю і надзеяй услухоўваемся ў словы Велікоднай Літургіі, якая абвяшчае перамогу Хрыста над грахом і смерцю.
Калі мы моцна трымаемся Хрыстовага Крыжа, калі не дазваляем нянавісці завалодаць нашым сэрцам, але прабачаем, як і Бог прабачае нам правіны нашыя. Калі шукаем праўду і паводле праўды імкнёмся жыць. Калі з вуснаў нашых не выходзіць ніякая нядобрая мова, а ў намерах і ўчынках нашых няма падману. Тады разам з Хрыстом мы становімся пераможцамі смерці і ўжо цяпер уваскрасаем з граху.
Няхай Той, Хто вытрываў у выпрабаваннях і, прабачаючы людскі грэх, уваскрос з памерлых, прынясе кожнай вашай сям’і, усёй нашай Краіне і сучаснаму свету ласку прымірэння, згоды, спынення войнаў і супакою!
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
†Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі