У Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры пачала працу персанальная выстава батанічнага жывапісу Кацярыны Фядотавай
Дырэктар Цэнтра культуры, заснавальнік і кіраўнік тэатра песні «Субацея», а яшчэ спявачка, рэжысёр, актрыса, пісьменніца, майстр па валянню з воўны ўпершыню прадставіла шырокай публіцы яшчэ адну грань свайго таленту – выяўленчае мастацтва.
Экспазіцыя новага захаплення Кацярыны Мікалаеўны прысвечана кветкам. У мінулую нядзелю выставачную залу ЦРіТК упрыгожылі 20 работ. На іх касачы, гартэнзіі, ружы, вецце слівы, яблыні, напісаныя з натуры. Карціны ўражваюць сваёй рэалістычнасцю, далікатнасцю, тонкасцю ліній, ігрой паўценяў. Яшчэ больш здзіўляе тое, што аўтар не мае спецыяльнай мастацкай адукацыі.
– Паспрабаваць сябе ў жывапісе мяне натхніла прыгажосць навакольнай прыроды. На дачы я вырошчваю шмат раслін. Іх буйная квецень дорыць сапраўдны адпачанак для душы. Гэта адчуванне мне хацелася захаваць надоўга, і я пачала пісаць акварэллю. Празрыстасць, мяккасць каляровага слоя гэтага матэрыялу найлепш перадае шматграннасць маіх «натуршчыц». На выставе прадстаўлены лепшыя карціны, напісаныя за тры гады. Буду вельмі рада, калі яны прыдуцца даспадобы гледачам і расквецюць інтэр’еры іх хат, – у размове з карэспандэнтам «НС» адзначыла Кацярына Фядотава.
На гэтым мастачка не збіраецца спыняцца і ў бліжэйшы час марыць стварыць серыю работ, прысвечаных свету фауны.
Выстава будзе працаваць да канца лістапада
Нэлi РАДЗЬКО
фота Віктара Арлова