Фестиваль народных обрядов «Дабрафэст» прошел в ДК ОАО «Нафтан»
Пасля доўгага перапынку на сцэну Палаца культуры ААТ «Нафтан» вярнуўся фестываль народнага абраду «Дабрафэст-2023». На адметнай культурнай падзеі пабывалі і карэспандэнты «НС».
Сустракалі гасцей мерапрыемства смачнымі пачастункамі ды вясёлымі песнямі. На першым паверсе ўстановы размясцілася тэматычная фотазона, а каля ўваходу ў актавую залу – кірмаш дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ад майстроў Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры. Тут жа праходзіла дабрачынная акцыя «Дрэва дабрыні».
Гаспадар і гаспадыня «Дабрафэсту», у ролі якіх выступілі Андрэй Рэцікаў і Людміла Шубіна, знаёмілі гледачоў з народнымі традыцыямі, а працаўнікі і ветэраны ААТ «Нафтан» і завода «Палімір» ярка ўвасаблялі іх сваіх творчых нумарах. Напрыклад, савет ветэранаў нафтаперапрацоўчага гіганта выбраў найменш распаўсюджаны абрад «Капусткі». Зараз абывацелю прасцей набыць ужо гатовую страву ў краме, а даўней нашы продкі суправаджалі працэс ферментавання капусты фальклорнымі песнямі. Кожнае дзеянне мела адмысловы сэнс.
Не менш цікавую пастаноўку пад назвай «Драць зайца» прадставілі ветэраны вытворчага прадпрыемства поліэтылена і валокнаў. Заяц у дадзеным выпадку – умоўнае абазначэнне свата на вяселлі. Раней у беларускіх вёсках мясцовыя жыхары перакрывалі дарогу маладым і патрабавалі выкуп. Лічылася, што чым больш аднавяскоўцы збяруць даніны, тым больш трывалым будзе шлюб.
Супрацоўнікі цэнтральнай лабараторыі ААТ «Нафтан» звярнуліся да тэмы «Калядных варожбаў», а цэха №12 павесялілі гледачоў сваёй трактоўкай абрада «Цыганы». Але сапраўдную любоў глядацкай аўдыторыі заваявалі працаўнікі цэха №18, якія рэканструявалі любімую не адным пакаленнем беларусаў «Жаніцьбу Цярэшкі». Гістарычны сэнс дзеі заключаецца ў тым, каб маладыя маглі прыгледзіць сабе нявесту ці жаніха. Да размеркавання пар падыходзілі вельмі адказна. Падрыхтоўка ішла некалькі тыдняў, а як усё было зладжана, юнакі і дзяўчаты збіраліся ў адной хаце. Усё мерапрыемства складалася з пяці частак, кожная з якіх мусіла праз гульні і танцы пазнаёміць удзельнікаў бліжэй, даць ім магчымасць адчуць сябе пабраўшыміся шлюбам. Умоўныя маці і бацька, якіх таксама абіралі загаддзя, паслядоўна «жанілі» маладых пад народныя спевы, музыку баяніста, танцы «Лявоніха» ды «Полька».
Трэба адзначыць, што ўсе самадзейныя артысты ігралі свае ролі шчыра і таленавіта. Таму члены журы не скупіліся на добрыя словы і ўзнагароды – кожны творчы калектыў атрымаў асабістую намінацыю. Гран-пры заваяваў аб’яднаны гурт работнікаў завода «Палімір», які ператварыў старадаўні абрад Каляды ў яркае сучаснае шоў. Як расказала куратар пастаноўкі, метадыст ПК ААТ «Нафтан» Алена Мешчаракова падрыхтоўка ішла некалькі тыдняў.
– У фестывальны рух «Дабрафэсту» я ўключылася апошняя. Мне пашанцавала ажывіць на сцэне палаца самую масавую і любімую ў народзе традыцыю – калядавання. Але ператварыць працаўнікоў завода ў творцаў аказалася нялёгкай задачай. Першую рэпетыцыю мы прыглядаліся адзін да аднога. Затое потым пачалі працаваць на поўную моц. Збіраліся кожны дзень. Нават выходныя не прапускалі. Мае вучні аказаліся вельмі паслухмянымі, адказнымі і таленавітымі. Дзякуючы іх упартасці ў нас атрымаўся такі файны нумар. Хочацца кожнаму сказаць шчырае дзякуй за шчасце пражыць пастаноўку разам. Гэта было няпроста, але вельмі цікава.
Арганізатары спадзяюцца, што праект будзе радаваць гараджан штогод.
Нэлі Радзько
Фота аўтара і Віктара Арлова