Юные новополочане о том, что для них значит быть патриотом своей страны
Сёння незвычайны дзень – 30-годдзе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Асноўны закон быў прыняты ў хуткім часе пасля набыцця статусу незалежнай дзяржавы і ўвабраў у сябе пераемнасць шматвяковага гістарычнага шляху былых пакаленняў.
З нагоды значнай дзяржаўнай падзеі гарадское фарміраванне ГА «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» аб’явіла фота-чэлендж «Піянеры акцябратам: нашы сімвалы – наш гонар». Карэспандэнты «НС» пабывалі ў сярэдняй школе №14 і спыталі ў яго ўдзельнікаў, што, на думку юнага пакалення новапалачан, значыць быць сапраўдным патрыётам сваёй краіны.
Нягледзячы на юны ўзрост, героі нашай сённяшняй публікацыі – цікавыя і разнабаковыя асобы. Самая маленькая з іх – Віялета Шалкоўская – вучыцца ў 3 «А» класе. Акцябронкам стала год таму. Лічыць гэта гонарам, бо па натуры яна актывістка. Удзельнічае ва ўсіх конкурсах, алімпіядах. Заўсёды імкнецца да поспеху. Віялета – выдатніца вучобы. Асабліва любіць прадмет «Беларуская мова і літаратура». Пасля ўрокаў спяшаецца ў Дзіцячую школу мастацтваў №1 – за фартэпіяна.
Акрамя музыкі, сур’ёзна цікавіцца гандболам. Займаецца пад кіраўніцтвам трэнера Веранікі Раеўскай. У складзе юніорскай наваполацкай каманды ўжо пабывала на буйных абласных і рэспубліканскіх турнірах. Зараз гатуецца да чэмпіянату ў Слуцке. Марыць звязаць сваю будучыню са спортам, каб праслаўляць горад на міжнародным узроўні. У рэальных справах – яе любоў да сваёй краіны.
З бляскам у вачах пра прыгажосць роднага края распавядае піянерка Варвара Хрол: «Магу смела сказаць, што люблю Беларусь. Для мяне яна самая прыгожая! Я нарадзілася на гэтай зямлі. У мяне тут блізкія, родныя, шмат сяброў». Вучаніца 6 «Д» класса – лепшая па ўсім прадметам. Геаграфія, матэматыка, руская і англійская мовы… Замучышся пералічваць дысцыпліны, у якіх Вара абараняла гонар роднай установы адукацыі на этапах рэспубліканскай алімпіяды для школьнікаў. Але асабістае месца ў сэрцы новапалачанкі займае матчына слова. Любоў да беларускай мовы ёй прывіла настаўніца Людміла Дрыленка. «Людміла Іванаўна добра растлумачвае матэрыял. Мне заўсёды цікава на яе занятках», – гаворыць удзячная вучаніца.
Варвара займаецца харэаграфіяй ва ўзорнай студыі танца «Мадэрн» Палаца дзяцей і моладзі, ўдзельнічае ў мерапрыпрыемствах піянерскай дружыны імя Льва Наважылава СШ №14. Не так даўно яна ў складзе гарадской каманды заваявала другое месца на абласным конкурсе «Піянерскі квіз», а ў хуткім часе будзе прымаць удзел у конкурсе пад эгідай Міністэрства надзвычайных сітуацый.
Для навучэнца 10 «А» класа Віталія Шышкова званне акцябронка і піянера засталіся ў мінулым. Ён ужо прадстаўнік Наваполацкай арганізацыі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Прычым адзін з самых актыўных у школе. Няма такой ініцыятывы, ад якой бы адмовіўся Віталь. Пятнаццацігадовы юнак з радасцю прымае ўдзел у дабрачынных акцыях валанцёрскага руху «Добрае сэрца»: наведвае выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Наваполацка. Не баіцца сцэны і прадстаўляе СШ №14 на буйных праектах.
Не так даўно ён прэзентаваў «Школу валанцёраў» на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». А на мінулым тыдні разам з камандай аднакласнікаў выступіў у гарадскім туры творчага спаборніцтва «Я патрыёт сваёй краіны», прымеркаванага да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Заняў ганаровае трэццяе месца. У класе Віталь – душа кампаніі, таму ў далейшым марыць вывучаць псіхалогію. Месца для прадаўжэння адукацыі ўжо выбраў – Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасініі Полацкай. Дзесяцікласнік ганарыцца сваімі школай, таму і будучыню бачыць у маладым горадзе над Дзвіной.
Вось такое яно – новае пакаленне беларусаў. Амбіцыйнае, актыўнае, смелае, а яшчэ цікаўнае, разнабаковае, шчырае, па-сапраўднаму закаханае ў родны край.
Нэлі Радзько
Фота Віктара Арлова