Свята роднай мовы
У дзевятнаццаты раз наша краіна адзначыла Дзень беларускага пісьменства. Сёлета эстафету прымаў Прыдзвінскі край, славутае Глыбокае, якое падаравала свету нямала гучных імён: Ігнат Буйніцкі, Язэп Драздовіч, Вацлаў Ластоўскі, Пётр Казлоў, Павел Сухі…Праграма свята была насычана рознымі цікавымі мерапрыемствамі. І галоўнае з іх – цырымонія афіцыйнага адкрыцця. Сярод гасцей была і наваполацкая дэлегацыя, якую ўзначаліла старшыня гарвыканкама Наталля Качанава. Усіх прысутных са сцэны віталі віцэ-прэм’ер Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, намеснік дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Іван Бамбіза, епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Веньямін, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат. Потым выступілі з канцэртам майстры мастацтваў рознага ўзроўню. Адметна выглядалі і наваполацкія самадзейныя артысты – аркестр баяністаў і акардэаністаў наваполацкага музычнага каледжа, узорны тэатр моды “Топ-Топ” Дома культуры і вольнага часу, народны калектыў архаічных спеваў “Княжыч” цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры, клуб гістарычнай рэканструкцыі імя Вацлава Ластоўскага “Чорны Война”, ансамбль народнай песні “Карусель” гарадскога Палаца культуры.
Сцэнарый канцэрта быў задуманы так, што паміж выступленнямі артыстаў адбывалася цырымонія ўшанавання сёлетніх пераможцаў штогадовага рэспубліканскага літаратурнага конкурсу на лепшы твор па дзесяці намінацыях.
Арганізатары мерапрыемства паклапаціліся, каб усім было весела, каб кожны адчуваў сваю прыналежнасць да свята: літаратурные чытанні, спартыўныя спаборніцтвы, конкурс малюнкаў на асфальце і сапраўдны пленэр імя Язэпа Драздовіча, выстава-кірмаш дэкаратыўна-прыкладной творчасці і шмат іншага.
Частавалі рознымі прысмакамі гандлёвые кропкі з многіх раёнаў Віцебшчыны, на кожным падворку разгортвалася свая канцэртна-забаўляльная праграма. Гасцінна запрашалі ўдзельнікаў свята прадстаўнікі ААТ “Базіс” і наваполацкага “Дома гандлю”…
Да позняга вечара доўжылася свята, фінальнай часткай якога стала ўрачыстае закрыццё Дня беларускага пісьменства і цырымонія перадачы эстафеты гораду Быхаву Магілёўскай вобласці. У завяршэнні начное неба над Глыбокім расквеціў святочны феерверк.
Алесь Гарыслаўка
Фота Мікалая Аўсеева