Концерт «NAVI BAND» в Новополоцке (+видео)
У мінулую суботу ў Наваполацк упершыню завітаў папулярны беларускі гурт, прадстаўнік Беларусі на Еўрабачанні-2017 «NAVI BAND».
Незвычайна пазітыўныя, адкрытыя, шчырыя артысты напрацягу амаль дзвюх гадзін даравалі новапалачанам цэлую хвалю эмоцый – ад лірычна-разважлівых да сонечна-вясёлых песень у стылі інды-рок, фолк-рок на рускай і беларускай мовах. А як толькі загучалі першыя ноткі «Гісторыі майго жыцця» , якая прадставіць у гэтым годзе нашу краіну на сусветнавядомым конкурсе маладых выканаўцаў «Еўрабачанне-2017», слухачы ўжо проста не маглі ўсядзець на месцы. «Хэй, Хэй!! Ай-яй-яй – я- гоо!!!» – падхоплівалі новапалачане і танчылі ў такт. Зал пераўтварыўся ў адзіны танцпол. Артыстаў доўга не хацелі адпускаць.
Пасля заканчэння канцэрту ў файе Цэнтра культуры «NAVI BAND» чакалі сапраўдныя прыхільнікі іх творчасці.
У абмен на аўтографы новапалачане даравалі артыстам кветкі, аўтарскія паштоўкі і плакаты. А выхаванцы вакальнай групы «Фортэ» Цэнтра культуры Ігнат Баранаў і Ганна Скрыпко сумесна заспявалі з салістамі гурта Арцёмам Лук’яненка і Ксеніяй Жук урывак з песні «Гісторыя майго жыцця», якая ужо 11 мая прагучыць у Кіеве на ўсю Еўропу.
Аднак найбольш «NAVI BAND» здзівіла студэнтка інжынерна-будаўнічага факультэта Полацкага дзяржуніверсітэта Марыя Коршунава, якая паднесла аўтарскі набор шакаладак с фотаздымкамі гурта, завушніцы і кулон для Ксеніі (іх Марыя таксама зрабіла сама).
Асабісты сюрпрыз дзяўчына падгатавала і для Арцёма — скарбонку шакаладак «Kit Kat» (менавіта гэты шакалад асабліва любіць малады спявак). Падарункі прыйшліся даспадобы выканаўцам.
«NAVI BAND слухаю з моманту іх з’яўлення на беларускай сцэне. Іх музыка адразу дайшла да майго сэрца. Яны натхняюць мяне на творчасць», – падзялілася сваімі уражаннямі з карэспандэнтам «НС» Марыя Коршунава.
Напрыканцы аўтограф-сесіі адбылася невялічкая прэсс-канферэнцыя ўдзельнікаў гурта з прадстаўнікамі мясцовых сродкаў масавай інфармацыі. Як прызналіся салісты «NAVI BAND» ім было вельмі прыемна спяваць і іграць у нашым горадзе.
«У Наваполацку вельмі шчырая публіка. Кожная наша песня знаходзіла водгук у сэрцах слухачоў. А колькі класных падарункаў нам паднеслі новапалачане! Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто правёў сённішні вечар разам з намі », — сказалі Арцём і Ксенія.
Відэа-версію эксклюзіўнага інтэрв’ю з салістамі «NAVI BAND» мы выкладаем для вас – нашы паважаныя чытачы.
Нэлі Радзько